У жніўні стартаваў сумесны праект аднаго з самых вядомых сайтаў Беларусі Onliner.by і аператара мабільнай сувязі А1, прысвечаны папулярызацыі беларускіх гаворак як элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны краіны. У фармаце навукова-папулярных артыкулаў пад агульнай назвай «Мова» тысячы інтэрнэт-карыстальнікаў атрымліваюць інфармацыю пра дыялектныя асаблівасці розных рэгіёнаў Беларусі. У прыватнасці, шляхам супастаўлення лексікі гаворак асобных населеных пунктаў паказваецца шырокі набор абазначальных сродкаў, якія характэрны для той або іншай тэрытарыяльнай разнавіднасці беларускай мовы. Навуковым кіраўніком праекта і аўтарам тэкстаў выступае старшы навуковы супрацоўнік аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, кандыдат філалагічных навук Вадзім Шклярык.
Для збору неабходнага моўнага матэрыялу ладзяцца спецыяльныя экспедыцыі, падчас якіх правяраюцца ўжо вядомыя дыялектныя факты і фіксуюцца змены. Выезды адбываюцца з удзелам прафесійных фатографаў і відэааператараў, а непасрэдна на месцах дапамогу, як правіла, аказваюць работнікі сферы культуры. Кожная публікацыя ў рамках праекта «Мова» суправаджаецца не толькі шматлікімі фотаздымкамі, але і відэаролікам, у якім паказваюцца фрагменты размоў са старажыламі і тлумачыцца спецыфіка мясцовых гаворак на лексічным узроўні. Акрамя таго, фота- і відэаматэрыялы даюць магчымасць часткова пазнаёміцца з матэрыяльнай культурай рэгіёнаў і з уласцівымі розным куткам Беларусі краявідамі.
Першыя два артыкулы, прысвечаныя гаворкам Мінскай і Віцебскай абласцей, ужо апублікаваны і даступны па спасылках https://people.onliner.by/2019/08/21/havorki-centr і https://people.onliner.by/2019/09/06/havorki-pounach адпаведна.