27 лютага 2022 г. у царкве святой роўнаапостальнай княгіні Вольгі г. Мінска малодшым навуковым супрацоўнікам аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі С.М. Макітрук была праведзена гульня “Гаворым па-беларуску”, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы.
У гульні прынялі ўдзел вучні нядзельнай школы і прыхаджане царквы. Удзельнікам мерапрыемства Святлана Мікалаеўна прапанавала розныя займальныя практыкаванні і заданні па лексіцы, фразеалогіі, арфаэпіі і словаўтварэнні беларускай мовы. Асаблівую зацікаўленасць у прысутных выклікалі крыжаванка “Знаўцы правіл”, конкурсы “Тлумачальнік”, “Перакладчык”, “Назаві адным словам”, “Шыфравальшчык”, “Моўныя прапорцыі” і інш.
Пасля мерапрыемства вучні нядзельнай школы і прыхаджане наведалі бібліятэку прыхода, якая ў студзені гэтага года папоўніліся творамі класікаў сусветнай мастацкай літаратуры на беларускай мове, сучасных аўтараў, дзіцячых пісьменнікаў, а таксама вучэбнай, даведачнай і развіццёвай літаратурай для падрастаючага пакалення.
Час праляцеў непрыкметна. Спадзяёмся, што ўдзел у гульні станоўча паўплываў на пашырэнне маўленчай практыкі дзяцей і дарослых, а таксама на ўмацаванне пачуцця павагі і любові да роднай мовы.