
У Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа 11–12 снежня 2025 года прайшла ІІІ Міжнародная навуковая канферэнцыя «Сучасныя праблемы анамастыкі» (да 90-годдзя з дня нараджэння В.П. Лемцюговай).
Абмеркаваць тэарэтычныя і практычныя праблемы анамастыкі сабраліся даследчыкі з Беларусі, Расіі, Кітая, Казахстана, Узбекістана, Кыргызстана і Лівана. У розных формах у рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел 68 чалавек, сярод удзельнікаў навуковага мерапрыемства былі студэнты, магістранты, аспіранты і дактаранты, школьныя настаўнікі, а таксама прадстаўнікі навуковых арганізацый і ВНУ.
Канферэнцыю ўрачыста адкрыў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Лявонавіч Капылоў, які адзначыў, што нягледзячы на значныя дасягненні ў галіне анамастыкі некаторыя пытанні патрабуюць далейшых даследаванняў, навуковы напрамак па-ранейшаму выклікае цікавасць і не губляе сваёй актуальнасці. Ігар Лявонавіч пажадаў удзельнікам навуковага форуму плёну ў рабоце, важных адкрыццяў і цікавых дыскусій. Вольга Сяргееўна Юшкевіч, намеснік акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, падкрэсліла важную ролю В.П. Лемцюговай у развіцці айчыннай анамастыкі і лінгвістыкі ў цэлым. Пазней удзельнікаў канферэнцыі прывітала Вольга Мікалаеўна Папко, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, якая звярнула ўвагу на важнасць правядзення падобных навуковых мерапрыемстваў.
Пленарнае пасяджэнне пачалося з даклада І.Л. Капылова, які прысвяціў выступленне асэнсаванню ролі Валянціны Пятроўны Лемцюговай у развіцці беларускай нацыянальнай антрапанімічнай школы, яе ўкладу ў айчынную лексікалогію і лексікаграфію, у падрыхтоўку навуковых кадраў.

Працягнула пасяджэнне Ю.В. Вайрах з дакладам пра семантыка-стылістычную характарыстыку антрапонімаў з коранем «род». Дацэнт Паўночна-заходняга політэхнічнага ўніверсітэта Л. Лі расказала пра матывы і стратэгію выбару кітайскіх імёнаў замежнымі студэнтамі, што навучаюцца ў Кітаі.

З асаблівасцямі эрганіміі г. Астрахані азнаёміла прысутных Ю.В. Васільева, якая падкрэсліла асаблівую ролю эргонімаў у фарміраванні турыстычнага іміджу горада. Вынікі даследавання онімаў у гістарычным аспекце прадставіла В.К. Мароз, якая звярнулася да адзінак, што адзначаюцца на старонках беларускіх летапісаў. Шырокія дыскусіі выклікаў даклад М.У. Піменавай, прысвечаны адлюстраванню тэонімаў Волас / Велес у тапаніміі і астраніміі.
Далей праца працягвалася ў межах чатырох секцыйных пасяджэнняў, на якіх удзельнікі абмеркавалі вынікі сваіх даследаванняў онімнай лексікі.

На секцыі «Анамастыкон і нацыянальная культура» разглядаліся пытанні функцыянавання ўласных найменняў праз прызму культуры. Нацыянальныя традыцыі ўжывання онімаў прадстаўлены ў дакладзе М. Хоў, якая паведаміла аб асаблівасцях імёнаў, што ўключаюць сему ‘шчодрасць’. Сукупнасць уласных найменняў каштоўных камянёў прааналізаваў С.А. Гараеў. І.Л. Капылоў расказаў пра онімы, іх формы і спосабы падачы ў «Беларускім слоўніку» С. Мядзведскага. Гістарычны аспект закрануў В.С. Пазднякоў, які спыніўся на назвах вуліц Вільні XV–XVI стст.

Падчас секцыі «Онімная прастора сакральнага і мастацкага тэксту» прагучалі даклады, прысвечаныя даследаванню ўласных імёнаў у тэксце. П.С. Басалыга адзначыла адметнасці семантыкі біблейскіх анамастычных біномаў у сучаснай беларускай мове. Спецыфіку ўжывання онімаў у мастацкім тэксце прааналізавалі Л.У. Глушыцкі і А.В. Цвяткова на матэрыяле беларускай і рускай драматургіі адпаведна. М.У. Піменава і Г.А. Родзічава даследавалі анімікон казак А. Пушкіна, А.А. Скрабіна пазнаёміла ўдзельнікаў з фальклорам якутаў – эпасам аланхо – і структурай імёнаў некаторых персанажаў эпасу, а С.Я. Богуш засяродзілася на асаблівасцях функцыянавання імені ў справаводчых дакументах 1920–30-х гг. Сумесны даклад А.Л. Садоўскай і М.П. Кажарновіч быў прысвечаны канататыўнаму патэнцыялу оніма ў парэміялагічным кантэксце. У рэчышчы антрапанімічнага літаратуразнаўства выступіла Т.П. Барысюк, а І.У. Будзько расказала пра генезіс і функцыянальны аспект асобных тапонімаў у перакладах кананічных тэкстаў.

Трэцяя і чацвёртая секцыі працягнулі работу на другі дзень. У рамках секцыі «Тэорыя і метадалогія анамастычных даследаванняў» В.У. Мартысюк паведаміў пра крыніцы па гісторыі анамастыкі ў працы Я. Карскага «Беларусы». Праблематыку прымянення тэхналогій апрацоўкі натуральнай мовы для вырашэння анамастычных задач раскрыла ў сваім выступленні Ц. Лі, а Д. Чжан і Ц. Лю паказалі асаблівасці выкарыстання ўласных імёнаў у працэсе навучання замежным мовам у Кітаі. Пытанне перадачы тапонімаў ва ўсходнеславянскіх Евангеллях-апракасах было разгледжана ў дакладзе І.У. Будзько, спецыфіку выкарыстання онімаў у публікацыях інтэрнэт-праекта «Губернскі летапіс», прысвечанага гісторыі г. Самары, прадставіла Д.А. Кузьміна. Параўнальны аналіз нарматыўна-прававой базы фарміравання і функцыянавання ўрбананіміконаў Беларусі і Узбекістана прапанаваў у сваім дакладзе Ц.Н. Адзінаеў, а завяршальным акцэнтам стала выступленне Т.М. Аліферчык, якая акрэсліла паняцце «народная этымалогія оніма» ва ўсходне- і заходнеславянскай тапаніміцы.
У дакладах удзельнікаў секцыі «Актуальныя пытанні даследавання рэгіянальных анамастыконаў» закраналіся праблемы функцыянавання онімаў на розных тэрыторыях у розныя часавыя перыяды. Выступленні Д.Г. Марчанка і В.Ю. Радзюль былі прысвечаны пытанням устанаўлення семантыкі асноў айконімаў і мікратапонімаў асобных беларускіх рэгіёнаў. А.В. Трафімчык паведаміў прысутным пра адметнасці бытавання ўласных геаграфічных назваў ваколіцы в. Вялікія Круговічы часоў міжваеннай Польшчы. Выступленне М.С. Цейкіна, прысвечанае варыянтам напісання горада Навагрудка ў розных гістарычных крыніцах, завяршылася абмеркаваннем пытання функцыянавання ўласнай назвы ў рамках розных моўна-этнічных супольнасцей.
Падчас работы канферэнцыі ўдзельнікі закранулі шырокае кола праблемных пытанняў, выступленні суправаджаліся жывым абмеркаваннем узнятых праблем. На заключным пасяджэнні былі падведзены вынікі работы канферэнцыі і прынята рэзалюцыя, якую прысутныя адзінагалосна падтрымалі.
Традыцыйна ў рамках канферэнцыі І.У. Смірнова, вядучы бібліятэкар ЦНБ НАН Беларусі, падрыхтавала кніжную выставу з навуковымі работамі В.П. Лемцюговай. Культурна-асветніцкай часткай мерапрыемства стала наведванне Навукова-даследчага музея беларускага мастацтва і культуры, з экспазіцыяй якога азнаёміў замежных гасцей П.А. 1Скараход. Адметны каларыт канферэнцыі надало выступленне творчага калектыву Цэнтра «Музычная капэла».
П.С. Басалыга,
А.М. Лацёнак
Фота В.Д. Косцінай, А. М. Лапцёнак







