Калёквіум «Славянскія дыялекты ў часе і прасторы»

5 лютага ў Браціславе (Славакія) адбыўся Міжнародны навуковы калёквіум «Славянскія дыялекты ў часе і прасторы», арганізаваны Інстытутам мовазнаўства імя Людавіта Штура Славацкай акадэміі навук (ІМЛШ САН) сумесна з Славацкім лінгвістычным таварыствам пры ІМЛШ САН і прысвечаны 80-гадоваму юбілею вядомага славацкага моваведа-дыялектолага Адрыяны Феранчыкавай.

У навуковай сустрэчы прынялі удзел калегі і сябры юбіляра з Інстытута мовазнаўства імя Л. Штура, іншых навуковых устаноў Славакіі, у прыватнасці з Прэшава і Трнавы, а таксама група вучоных з Беларусі, Польшчы, Расіі, Славеніі і Чэхіі, якія ўваходзяць у Камісію “Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа” (АЛА) пры Міжнародным камітэце славістаў (МКС). Да месца дадаць, што А. Феранчыкава з’яўляецца сябрам Камісіі АЛА пры МКС з 1990 г., а на працягу многіх гадоў узначальвала Славацкую нацыянальную камісію. Унёсак выдатнага навукоўца ў праект цяжка пераацаніць: яна з’яўляецца аўтарам асобных картаў літаральна ва ўсіх 16 выпусках атласа, а выпуск 4 лексіка-словаўтваральнай серыі “Сельская гаспадарка” (Браціслава, 2012) падрыхтаваны пад яе навуковай рэдакцыяй.

На пасяджэннях калёквіуму былі заслуханы і абмеркаваны ў дыскусіях 12 дакладаў, прысвечаных актуальным праблемам славянскай (адмыслова, зразумела, славацкай) дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі. Вядучы навуковы супрацоўнік сектара этналінгвістыкі і фальклору Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, сябра Камісіі АЛА пры МКС М. П. Антропаў выступіў з дакладам “Усходнеславянскія кантынуанты *pelva па матэрыялах АЛА”.

Пад час навуковага візіту ў Інстытут мовазнаўства імя Л. Штура М. П. Антропаў абмеркаваў з яго дырэктарам Габрыэлай Мучкавай і старшынём навуковай рады Любарам Кралікам планы навуковага супрацоўніцтва з Інстытутам мовазнаўства імя Я. Коласа.

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы