Прэзентацыя выдання «ЛІНГВІСТЫЧНЫ МІКРААТЛАС ТУРАЎШЧЫНЫ»

24 лістапада ў 14.00 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбудзецца прэзентацыя выдання «Лінгвістычны мікраатлас Тураўшчыны».

Выключнае месца ў фарміраванні беларускага этнасу займае Тураў і Тураўшчына – адзін са старажытныых цэнтраў племені дрыгавічоў, што склалі яго аснову.

Кніга змяшчае ўнікальны моўны матэрыял, сабраны ў населеных пунктах культурна-гістарычнага і прыродна-геаграфічнага рэгіёна Тураўшчыны і яго праекцыю на картах мікраатласа. Цэнтральнае становішча Тураўшчыны ў межах Беларускага Палесся дазваляе прасачыць яго сувязі з іншымі дыялектнымі зонамі і адначасова сведчыць пра захаванне рэгіянальнай моўнай культуры.

«Лінгвістычны мікраатлас Тураўшчыны», з’яўляючыся ў значнай ступені своеасаблівым дадаткам да «Тураўскага слоўніка» (1982 – 1987), ставіць і часткова вырашае свае спецыфічныя задачы ў галіне лінгвагеаграфіі, сацыялінгвістыкі і псіхалінгвістыкі.

Выданне разлічана на спецыялістаў-моваведаў, студэнтаў, выкладчыкаў, а таксама ўсіх тых, хто цікавіцца мовай і культурай роднага краю.

У прэзентацыі возьмуць удзел супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, выкладчыкі ВНУ, прадстаўнікі навуковай і творчай грамадскасці краіны.

 

Запрашаем усіх жадаючых у інфармацыйна-выставачны цэнтр ЦНБ НАН Беларусі: вул. Сурганава, 15, першы паверх, п. 110.

Кантакты: Гаранін Сяргей Лявонцьевіч: + 375 17 284 15 31

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы