З НАДЗЕЯЙ У БУДУЧЫНЮ

Падпісанне дагавора аб супрацоўніцтве паміж Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і ДУА "Сярэдняя школа №26 г. Мінска імя З.Р. Калабанава" адбылося 19 лютага 2024 г. Дагавор падпісалі дырэктар цэнтра акадэмік Аляксандр Іванавіч Лакотка і дырэктар школы Ірына Канстанцінаўна Ваўчанкова.

21 лютага традыцыйна адзначаецца Дзень роднай мовы. У рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Дню роднай мовы, супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа традыцыйна праводзяць сустрэчы, лекцыі, заняткі з вучнямі некаторых школ. У гэтым годзе ў якасці дыялогавай пляцоўкі для абмеркавання спецыфікі і праблем функцыянавання і папулярызацыі беларускай мовы як сродку камунікацыі ў розных сферах далучылася ДУА "Сярэдняя школа №26 г. Мінска імя З.Р. Калабанава".

Установы базавай і агульнай адукацыі забяспечваюць першаснае авалодванне беларускай мовай і літаратурай навучэнцамі  у межах школьнай праграмы. Лекцыі для вучняў і сустрэчы з настаўнікамі, якія будуць рэалізаваныя ў межах дагавора аб супрацоўніцтве, прадугледжваюць абмеркаванне пытанняў гісторыі станаўлення беларускай мовы і сучасных кірункаў развіцця беларускага мовазнаўства, вывучэнне шматвяковай гісторыі і духоўных традыцый беларускага народа, папулярызацыю прафесійных лінгвістычных ведаў сярод навучэнцаў устаноў сістэмы сярэдняй адукацыі.

 

Таццяна Аліферчык

Фота Юрый Іваноў

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы