Чашніцкі край: гісторыка-культурная спадчына рэгіёна

12 чэрвеня 2025 года ў Чашніках пачала работу навукова-практычная канферэнцыя «Чашніцкі край: гісторыка-культурная спадчына рэгіёна».
Арганізатарамі навуковага форуму выступілі Цэнтр даследаванняў беларускай культуры мовы і літаратуры НАН Беларусі, Інстытут гісторыі НАН Беларусі і Чашніцкі раённы выканаўчы камітэт. У рабоце канферэнцыі ў вочным і завочным фарматах прымаюць удзел больш за 60 даследчыкаў (гісторыкаў, археолагаў, мовазнаўцаў, літаратуразнаўцаў, фалькларыстаў, архівістаў, супрацоўнікаў музеяў і бібліятэк, настаўнікаў і краязнаўцаў) з Чашнік, Бешанковіч, Брэста, Віцебска, Гродна, Дзяржынска, Мінска і Наваполацка.

У пачатку канферэнцыі з прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуліся намеснік старшыні Чашніцкага райвыканкама Мікалай Івашэнь, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Ігар Капылоў. Было агучана прывітальнае слова дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзіма Лакізы.
Узнагародамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі і Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі былі адзначаны мясцовыя краязнаўцы і настаўнікі гісторыі.
Вучоныя перадалі ў фонды Чашніцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі кніжныя выданні, што былі падрыхтаваны супрацоўнікамі Інстытута гісторыі і Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры.
Пленарнае пасяджэнне пачалося з даклада навуковага супрацоўніка аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі Сяргея Дзярновіча аб даследаванні археалагічнага комплексу Лукомль як элемента інфраструктуры гандлёвых камунікацый Полацкай зямлі ў эпоху вікінгаў. З дакладам аб інстытуце копнага суда на прыкладзе капы 1642 г. у г. Лукомлі выступіў загадчык аддзела гісторыі Беларусі IX–XVIII стагоддзяў і археаграфіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі кандыдат гістарычных навук дацэнт Аляксандр Доўнар.
Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навейшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі кандыдат гістарычных навук дацэнт Аляксандр Бараноўскі ў сваім выступленні распавёў пра змены тэрытарыяльнага ўладкавання Чашніччыны на працягу 1919–1924 гг. З дакладам аб збітым ў Чарэі падчас Вялікай Айчыннай вайны самалёце выступіў навуковы супрацоўнік цэнтра ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Дзмітрый Кіенка.
Пленарнае пасяджэнне завяршылася выступленнем дырэктара Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа кандыдата філалагічных навук дацэнта Ігара Капылова з дакладам аб паходжанні прозвішчаў жыхароў Чашніцкага раёна.
Работа навуковага форума працягваецца ў трох секцыях: “Чашніччына ад старажытнасці да 1917 г.”, “Чашніцкі край ад 1917 г. да сучаснасці”, “Звязаныя лёсам з Чашніччынай”.
13 чэрвеня запланавана работа круглага стала “Культурная спадчына Чашніцкага краю”.

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы