Круглы стол “Праблемы навуковага перакладу старажытных блізкаўсходніх тэкстаў на беларускую мову”

Ва Універсітэце Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбыўся круглы стол “Праблемы навуковага перакладу старажытных блізкаўсходніх тэкстаў на беларускую мову”. З вітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Д.В. Мазарчук.

Мерапрыемства было ініцыявана групай гісторыкаў – даследчыкаў старажытных пісьмовых помнікаў Блізкага Усходу. У фокусе дыскусіі знаходзілася рэалізацыя праекта па падрыхтоўцы выдання зборніка перакладаў на беларускую мову шэрагу гістарычных тэкстаў са старажытнаегіпецкай, хецкай, старажытнаперсідскай, старажытнаяўрэйскай, шумерскай і акадскай моў.

З асноўным дакладам выступіла кандыдат гістарычных навук, дацэнт Міжнароднага ўніверсітэта “МІСПА” Г.В. Дзягель, якая пазнаёміла з праектам, яго мэтамі, складам удзельнікаў і зместам запланаванага зборніка. Пра свой удзел у супольнай працы распавялі навуковы супрацоўнік Інстытута ўсходазнаўства РАН (Масква) кандыдат гістарычных навук У.Ю. Шэлесцін і дацэнт Акадэміі сувязі кандыдат гістарычных навук А.А. Спартак.

У дыскусіі прынялі ўдзел супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа: загадчык сектара ўсходазнаўства кандыдат гістарычных навук  Д.Э. Сеўрук, старшы навуковы супрацоўнік сектара ўсходазнаўства кандыдат філалагічных навук М.У. Тарэлка,  старшы навуковы супрацоўнік сектара ўсходазнаўства кандыдат філасофскіх навук  І.А. Сынкова, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы кандыдат філалагічных навук  І.У. Будзько. Яны таксама падзяліліся ўласнымі напрацоўкамі ў сферы ўсходазнаўства і перакладазнаўства.

У ходзе абмеркавання былі закрануты праблемы розных узроўняў – ад падрыхтоўкі спецыялістаў да пытанняў, датычных перакладу асобных тэкстаў у рамках праекта. Тры гадзіны вельмі ажыўленай дыскусіі паказалі, наколькі важнай і актуальнай з’яўляецца гэтая тэма для нашай навуковай супольнасці. Відавочна, пытанні навуковага перакладу старажытных блізкаўсходніх тэкстаў на беларускую мову патрабуюць далейшага навуковага даследавання.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы