ТО Ж АЙЧЫНЫ НАШАЙ МОВА, МОВА ПРАДЗЕДАЎ, БАЦЬКОЎ

19 лютага ў Інстытуце дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь прайшла сустрэча слухачоў спецыяльнасці “Дзяржаўнае і мясцовае кіраванне” з прадстаўнікамі творчай і навуковай інтэлігенцыі, прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы.

У сустрэчы прынялі ўдзел дырэктар Інстытута дзяржаўнай службы  Леанід Мальцаў, дацэнт кафедры сацыяльнай палітыкі і ідэалогіі Ірына Дамасевіч, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Ігар Капылоў, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Іван Саверчанка, першы намеснік Старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрыевіч.

Ігар Капылоў расказаў пра сутнасць дзяржаўнага двухмоўя, яго асноўныя прынцыпы, лінгвістычныя і прававыя ўмовы рэалізацыі. Акцэнтаваў увагу на ролі дзяржслужачых у забеспячэнні кожнаму грамадзяніну права карыстацца любой дзяржаўнай мовай. Вучоны азнаёміў слухачоў з кніжнымі выданнямі Інстытута мовазнаўства (слоўнікамі, граматыкамі, даведнікамі), якія шырока выкарыстоўваюцца ў моўнай практыцы, падкрэсліў ролю інфармацыйных тэхналогій у папулярызацыі нацыянальнай мовы: адзначыў, што акадэмічнымі вучонымі-мовазнаўцамі ўпершыню быў створаны сінтэзатар беларускага маўлення, анлайн-праверка беларускага правапісу, электроннае выданне “Граматычная база беларускай мовы”, якія маюць вялікае сацыяльнае значэнне і інш. Дырэктар Інстытута мовазнаўства заклікаў слухачоў звяртацца з пытаннямі ў даведачна-інфармацыйную службу “Моўная даведка”, якая нядаўна пачала працаваць на базе Інстытута мовазнаўства. Асаблівую цікавасць у слухачоў выклікаў праект “Фарміраванне  моўнай кампетэнцыі кіруючых кадраў ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму, у выніку выканання якога даследавана спецыфіка мовы адміністрацыйна-прававой сферы,  распрацаваны рэкамендацыі па праблемных моўных пытаннях, што ўзнікаюць у прафесійнай дзейнасці кіраўнікоў.

Іван Саверчанка азнаёміў слухачоў з выданнямі Інстытута літаратуразнаўства. Адзначыў асаблівую важнасць выданняў серыі “Залатая калекцыя беларускай літаратуры” (выйшла 26 тамоў). Вучоны расказаў пра ўласнае асэнсаванне старадаўняга беларускага пісьменства, пазнаёміў слухачоў са зместам гістарычных аповесцей, напісаных аўтарам у апошнія дзесяцігоддзі.

Уладзімір Андрыевіч у сваім выступленні засяродзіўся на праблемах сучаснага кніжнага рынку Беларусі, прывёў статыстычныя даныя аб выданнях на беларускай мове і заклікаў папулярызаваць беларускамоўную літаратуру ў рэгіёнах краіны.

Алена Стэльмах расказала пра ролю пісьменніка ў захаванні і папулярызацыі нацыянальных духоўных каштоўнасцей, падзялілася ўражаннямі ад сустрэч з юнымі чытачамі. Асаблівую ўвагу пісьменніца звярнула на важнасць кніг для дзяцей, а таксама на ролю літаратуры ва ўмацаванні міжнародных сувязей Беларусі з іншымі краінамі. На завяршэнне Алена Анатольеўна прачытала лірычны беларускі верш, які гучаў так прыгожа і меладычна, як песня.

 

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы