У Празе прайшла канферэнцыя, прысвечаная дыялектнай лексіцы на памежжах

11—12 красавіка 2019 года ў Празе адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя «Дыялектная лексіка на памежжах. Гісторыя, сучаснасць, перспектывы» («Nářeční lexikum v pomezních oblastech. Historie, současnost, perspektivy»). У мерапрыемстве, арганізатарам якога выступіў Славянскі інстытут Акадэміі навук Чэшскай Рэспублікі, прынялі ўдзел даследчыкі з такіх краін, як Польшча, Чэхія, Славакія, Германія, Венгрыя, Украіна, Харватыя, Літва, Латвія, Расія і Беларусь. Нашу краіну на канферэнцыі прадставілі выкладчык Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, кандыдат філалагічных навук Юрый Чарнякевіч (даклад «Лексіка, звязаная з будаўніцтвам, у дыялектнай мове жыхароў Заходняга Палесся Беларусі і Украіны») і навуковы супрацоўнік аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук Вадзім Шклярык (даклад «Лакальная лексіка мазырскіх гаворак у супастаўленні з лексічным складам гаворак украінскага Палесся»).

Даклады ўдзельнікаў былі разбіты на наступныя тэматычныя блокі: памежжы чэшска-нямецка-польскія, славянска-венгерскія, славацка-польска-ўкраінскія, славянска-балцкія, польска-ўсходнеславянска-балцкія і ўсходнеславянска-балцка-угра-фінскія. Асобны блок быў прысвечаны методыцы даследавання дыялектнай лексікі на памежжах. Такая тэматычная разнастайнасць дазволіла спецыялістам глыбей пазнаёміцца са спецыфікай вывучэння гаворак у абсалютна розных кантактных зонах, таму зборнік матэрыялаў гэтай канферэнцыі, выданне якога запланавана на 2020 год, абяцае быць надзвычай цікавым. Словы ўдзячнасці за ўсебаковае спрыянне ў арганізацыі візіту і побыту беларускіх даследчыкаў у Празе хочацца выказаць непасрэдным арганізатарам форуму Міраславу Янковяку і Міхалу Вашычку, а таксама іншым супрацоўнікам Славянскага інстытута Акадэміі навук Чэшскай Рэспублікі і яго дырэктару — Вацлаву Чэрмаку.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы