“Быць чалавекам на зямлі Зямля бацькоў дала мне права...”

 

У Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адбылася незвычайная для акадэмічнай установы імпрэза: сустрэча ўраджэнцаў Пастаўскага раёна, якія жывуць і працуюць у Мінску.

Хаця чаму незвычайная? Сярод пастаўчан нямала знакамітых вучоных, педагогаў, урачоў, а таксама грамадскіх і дзяржаўных дзеячаў нашай краіны. Пастаўчане ганарацца сваімі ўраджэнцамі, сярод якіх старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Нацыянальга сходу Рэспублікі Беларусь член-карэспандэнт НАН Беларусі Казаровец Мікалай Уладзіміравіч, генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра па харчаванні НАН Беларусі член-карэспандэнт НАН Беларусі Лоўкіс Зянон Валянцінавіч, дырэктар Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі член-карэспандэнт НАН Беларусі Залуцкі Іосіф Віктаравіч, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Капылоў Ігар Лявонавіч, прарэктар па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, доктар эканамічных навук, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Каралёнак Генадзь Антонавіч і многія іншыя. Таму, калі сказаць больш дакладна, то сустрэча землякоў у сценах Нацыянальнай акадэміі навук з’ява хутчэй нетыповая. Нетыповая таму, што, на жаль, пакуль што не ўсе (а дакладней, гэта першае зямляцтва ў Мінску) выхадцы з розных куткоў Беларусі маюць свае зямляцтвы і пастаянна адчуваюць унутраную патрэбу ў стасунках. А вось сам край – сапраўды незвычайны.

Пастаўшчына знаходзіцца на паўднёвым захадзе Віцебскай вобласці, мяжуючы з Гродзенскай вобласцю на поўдні і з Літоўскай Рэспублікай на захадзе. Што да Гродна, што да Вільні – то ад Пастаў значна бліжэй да гэтых буйных гарадоў, чым да ўласнага абласнога цэнтра на ўсходзе рэспублікі.

На скрыжаванні гандлёвых шляхоў на Мядзель і Друю людзі, відаць, жылі спрадвеку. Але ўпершыню Паставы згадваюцца толькі ў 1409 г. як паселішча на берагах двух азёр, утвораных ракой Мядзелкай. На адным беразе стаялі драўляны касцёл і ўніяцкая царква, на другім – францысканскі кляштар. У ХVІІІ ст. Паставы перайшлі ва ўладанне магнацкага роду Тызенгаўзаў, пад патранажам якіх узнікла звыш 35 прадпрыемстваў, а ў далейшым арніталагічны музей, карцінная галерэя, бібліятэка. Пасля ўваходжання ў Расійскую імперыю Пастаўшчына ператварылася ва ўезд, у горадзе ўзніклі цагляны завод, паравы млын, пякарня, лесапілкі. У 1921–1939 гг. край знаходзіўся пад уладай Польшчы і ўваходзіў у Віленскае ваяводства, а з 1940 – у Вілейскую вобласць БССР. Пасля вызвалення Пастаў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 5 ліпеня 1944 г. Паставы ўвайшлі ў Маладзечанскую вобласць, а з 1960 – у Віцебскую.

За сваю шматвякавую гісторыю Пастаўшчына падаравала Беларусі шмат выдатных сыноў і дачок. Гэта паэт і перакладчык У. Дубоўка, журналіст С. Навумчык, мастак і этнограф А. Ромер і інш. Але і простыя працаўнікі краю ўносілі сваю лепту ў будаванне нашага сённяшняга дня. Іх памяці была прысвечана прэзентацыя краязнаўчага выдання “Пятрагі. Тарасаўка. Старонкі вясковага жыцця... Кніга памяці”, якое змяшчае фатаграфіі і распавядае пра гісторыю дзвюх вёсак, адна з якіх засталася ўжо толькі ў памяці.

Удзельнікі імпрэзы, а сярод іх варта згадаць імя ініцыятара стварэння Пастаўскага зямляцтва ў Мінску былога намесніка Міністра культуры Беларусі Тадэвуша Іванавіча Стружэцкага, літаратуразнаўца, кандыдата філалагічных навук, дацэнта Міхася Кеньку, паэтаў Аліну Легастаеву, Януся Мальца, археолага, кандыдата гістарычных навук Валянціна Собаля, загадчыка аддзялення арганізацыі супрацьракавай барацьбы Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі кандыдата медыцынскіх навук Маісеева Паўла Іванавіча,  вядомага краязнаўцу Пастаўшчыны паэта Ігара Пракаповіча, дырэктара Пастаўскага раённага краязнаўчага музея Раісу Курачэнка, у сваю чаргу, выявілі цікавасць да гісторыі і сучаснага навуковага жыцця Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, пра што распавёў першы намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры член-карэспандэнт НАН Беларусі А.А. Лукашанец.

З навуковымі дасягненнямі айчынных лінгвістаў, а таксама з перспектывамі развіцця Інстытута прысутных азнаёміў дырэктар Інстытута І.Л. Капылоў. У прыватнасці, было адзначана, што ў планах навукоўцаў падрыхтоўка “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы” новага пакалення, пабудаванага з улікам лексікаграфічных традыцый і інавацыйных метадалагічных падыходаў у мовазнаўстве; распрацоўка новай нарматыўнай граматыкі; стварэнне электронных мульты- і моналінгвістычных банкаў, забяспечаных багатай візуальнай інфармацыяй; стварэнне аўтаматычнай сістэмы апрацоўкі тэкстаў, электронных перакладных слоўнікаў, праграмы сінтэзу маўлення і інш.

Выступленне кіраўнікоў інстытута паволі перайшло ў жывы дыялог на тэму: а што можа зрабіць Інстытут мовазнаўства для Пастаўшчыны? Высветлілася, што супрацоўнікі гатовы падтрымаць беларускамоўныя версіі краявых сайтаў, дапамагчы ў вывучэнні мясцовай антрапаніміі і тапаніміі (з улікам неабходнасці збірання і захавання мікратапонімаў), ажыццявіць даследаванне пастаўскага этнакультурнага ландшафту ў экстралінгвістычным аспекце. Рэалізацыя такіх навуковых тэм будзе, несумненна, важным фактарам культурнага развіцця рэгіёна.

Госці наведалі Музей старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі, а завяршылася мерапрыемства канцэртам, падрыхтаваным сіламі саміх пастаўчан, сярод якіх былі і супрацоўнікі Інстытута.

 

Намеснік дырэктара па навуковай рабоце С.Л. Гаранін

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы