ТРЭЦІ ЭТАП XXXVIIІ РЭСПУБЛІКАНСКАЙ АЛІМПІЯДЫ ПА БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ І БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ Ў МІНСКУ

11–14 студзеня 2022 года ў ДУА “Гімназія № 14 г. Мінска” праходзіў трэці этап XXXVIIІ рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” за 2021/2022 навучальны год у г. Мінску. У алімпіядзе спаборнічалі вучні дзявятых, дзясятых і адзінаццатых класаў.

У журы алімпіяды акрамя настаўнікаў школ і выкладчыкаў ВНУ г. Мінска ўваходзілі і супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (філіял “Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа”) – вядучы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснай беларускай мовы Вікторыя Іванаўна Уласевіч (старшыня журы) і вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы Эльвіра Валер’еўна Ярмоленка (член журы).

Па традыцыі першым выпрабаваннем для алімпіяднікаў стала напісанне водгуку на твор беларускага аўтара. Складальнікі заданняў падабралі такія тэксты, якія сапраўды прымусілі навучэнцаў задумацца і паразважаць не толькі над вершаванымі радкамі, але і над уласным жыццём. Так, вучні 11 класа атрымалі верш Пімена Панчанкі “Здараецца, часамі я раблю не тое, што заўжды рабіць люблю...”. Адзінаццацікласнікі паказалі добрае веданне сучаснай айчыннай літаратуры, здольнасці аналізаваць прачытанае, выказваць сваё ўласнае меркаванне, уразілі журы пісьменнасцю, багатым слоўнікавым запасам, часам арыгінальным выкладам матэрыялу.

Комплексная работа па беларускай мове і літаратуры, якая выконвалася ў другі дзень, дазволіла алімпіяднікам прадэманстраваць не толькі моўныя веды, але і эрудыцыю. Заданні па фразеалогіі, лексікалогіі, марфалогіі, арфаграфіі, словаўтварэнні, сапраўды, былі цікавыя і… няпростыя. Так, напрыклад, у адным заданні вучням прапанавалі словы, з якіх неабходна скласці шэсць фразеалагізмаў з кампанентамі-прыметнікамі. Прыемна было чытаць правільныя адказы і ставіць за іх вышэйшы бал. Запомніўся і адказ, у якім не было ні аднаго правільнага фразеалагізма, але ўсе прыдуманыя аўтарам варыянты ўражвалі сваёй арыгінальнасцю (пускаць пробны шар –пускаць пробную нітку,  лезці са сваім статутам у чужы манастыр – лезці ў чужы разбор, як макаў цвет – як макаў шар).

На трэці дзень вучні мелі магчымасць азнаёміцца з вынікамі сваёй работы, дапушчанымі памылкамі і задаць пытанні журы.

14 студзеня 2022 года адбылося ўрачыстае закрыццё трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды і ўзнагароджванне пераможцаў. 62 удзельнікі алімпіяды былі ўзнагароджаны дыпломамі І–ІІІ ступені, 15 удзельнікаў атрымалі пахвальныя водзывы.

Спадзяемся, што вучні – удзельнікі алімпіяды – засталіся задаволеныя і што цікавасць і любоў да беларускага слова, мовы і літаратуры  яны захаваюць і надалей.

Э.В. Ярмоленка, В.І. Уласевіч

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы