18 лютага ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адбылася незвычайная сустрэча з паэтычнай назвай “Жыватворная крыніца натхнення”. Упершыню на запрашэнне да размовы з прадстаўнікамі навуковай думкі адгукнуліся творцы, людзі мастацкага слова. А аб’яднаў іх, і ў гэтым няма нічога дзіўнага, дбайны клопат аб захаванні роднага беларускага слова і перадачы яго як найвялікшага культурнага набытку наступным пакаленням.
Слова з’яўляецца асноўным інструментам, з дапамогай якога адбываецца спасціжэнне рэчаіснасці ва ўсіх яе шматгранных праявах як мовазнаўцамі, так і пісьменнікамі. Любое слова беларускай мовы можа стаць аб’ектам навуковага даследавання, любое са слоў можа адыграць ролю вобразатворчага рэсурсу, сродку стварэння вобразнага свету мастацкага твора.
Пра першую іпастась слова распавёў у сваім выступленні дырэктар Інстытута мовазнаўства І.Л. Капылоў. Ён наглядна прадэманстраваў вынікі навуковых пошукаў, якія маюць цалкам матэрыяльнае выражэнне, – шматлікія працы супрацоўнікаў Інстытута, прадстаўленыя на спецыяльных стэндах. У слоўніках, даведніках, манаграфіях, атласах і дапаможніках беларускае слова знайшло належнае асэнсаванне і навуковае апісанне з боку лінгвістыкі: фанетыкі, арфаграфіі, марфалогіі, сінтаксісу, лексічнага значэння, словаўтварэння, гісторыі ўзнікнення, паходжання і інш.
Эстафету ад яго пераняла загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі В.М. Курцова, якая засяродзіла ўвагу прысутных на функцыянаванні дыялектнага слова як асновы сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Яна прааналізавала багацце беларускіх народных гаворак, карпатліва і ўважліва прасачыла іх фіксацыю або адсутнасць такой у мовазнаўчых крыніцах. Навуковец прыйшла да высновы, што дыялектныя рэсурсы, якія не склалі ядро лексічнай сістэмы сучаснай беларускай мовы, тым не менш могуць быць паспяхова засвоены айчыннымі пісьменнікамі і паэтамі ў мастацкім абсягу іх твораў.
У зваротным слове пісьменнікі падзяліліся з супрацоўнікамі Інстытута ўласным досведам працы над моўным матэрыялам. Алесь Камароўскі, напрыклад, успамінаў, як у свой час яму давялося стаць літаральна першапраходцам на ніве беларускамоўнай спартыўнай тэрміналогіі, калі ўзяўся за справу каментавання футбольных матчаў па-беларуску. Некаторыя са слоў, што ў той час здаваліся нязвыклымі, цяпер успрымаюцца як абсалютна арганічныя большасцю носьбітаў мовы. Сярод іх заўзятар, па-за гульнёй, кутавы ўдар і г.д. Іншыя ж і сёння выклікаюць спрэчкі (гулец, бэлька, брамнік).
Міхась Пазнякоў расказаў, што вопыт працы ў Інстытуце мовазнаўства (у сектары лексікалогіі і лексікаграфіі) яму ў многім дапамог пры складанні «Слоўніка эпітэтаў беларускай мовы», які засведчыў вобразны патэнцыял і стылістычную разнастайнасць лексікі беларускай мовы.
Мікола Мятліцкі закрануў пытанне асабістай адказнасці кожнага, хто называе сябе знаўцам мовы, перад шырокай аўдыторыяй. Адказнасці за ўжытае, прамоўленае, напісанае, надрукаванае слова, якое павінна быць узорным, бездакорным для тых, хто яшчэ толькі стаў на шлях яго спасціжэння.
Мікола Гарбачоў далучыўся да размовы не толькі з пазіцыі пісьменніка, але і журналіста, які жыве і працуе не ў сталіцы. Ён узняў важнае пытанне аб рэпрэзентаванасці беларускага слова ў раённай газеце, аб яго рэальным функцыянаванні: беларуская мова – мова рэгіянальнай прэсы ці толькі кідкіх загалоўкаў?
Падчас сустрэчы было закранута нямала важных пытанняў. Некаторыя з узнятых праблем ужо вырашаюцца, іншыя – яшчэ толькі асэнсоўваюцца. Але поспех у іх рашэнні можа быць дасягнуты, асабліва пры ўмове аб’яднання агульных намаганняў усіх неабыякавых да лёсу роднага слова. І ў гэтым паступальным руху абавязкова трэба завяршаць пачатае, здзяйсняць задуманае і планаваць новае.
Тэкст Анастасіі Марозавай,
Фота К. Дробава («Звязда»), С. Дубовіка («Навука»), А. Марозавай