“МОВАВЕДЫ”: У ЛАБІРЫНЦЕ ЛІНГВІСТЫКІ

19 лютага супрацоўнікі аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі сумесна з Інстытутам гісторыі правялі сустрэчу са студэнтамі факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прымеркаваную да Міжнароднага дня роднай мовы.

Мерапрыемства адкрыла загадчык аддзела кандыдат філалагічных навук, дацэнт І.У. Ялынцава. Яна павіншавала прысутных з надыходзячым святам, расказала пра напрамкі і вынікі даследчай работы аддзела, азнаёміла з манаграфіямі, слоўнікамі і дапаможнікамі, запатрабаванымі не толькі ў навуковай сферы, але і ў адукацыйным працэсе.

      

З прывітальным словам перад студэнтамі выступіў намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі кандыдат гістарычных навук, дацэнт П.А. Трубчык, які коратка акрэсліў спецыфіку дзейнасці навуковай установы.

Другая частка сустрэчы была прысвечана лінгвістычнай віктарыне “МоваВеды”, якую правялі квіз-майстры – старшыя навуковыя супрацоўнікі аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей кандыдаты філалагічных навук А.Г. Ванкевіч і Ю.В. Маліцкі. Адказы ацэньвала кампетэнтнае журы ў складзе вядучага навуковага супрацоўніка аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей кандыдата філалагічных навук В.М. Нікалаевай (старшыні), вядучага навуковага супрацоўніка аддзела сучаснай беларускай мовы кандыдата філалагічных навук, дацэнта В.І. Уласевіч і малодшага навуковага супрацоўніка аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей Г.В. Бубен.

Каманды студэнтаў 1-га і 2-га курсаў з азартам вырашалі лінгвістычныя задачы, звязаныя з лексічнымі, граматычнымі і стылістычнымі асаблівасцямі беларускай мовы, міжмоўнай аманіміяй, парэміялагічным і дыялектным багаццем нацыянальнай мовы.

Шчырая падтрымка аднагрупнікаў і выкладчыкаў – загадчыка кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання кандыдата філалагічных навук, дацэнта Н.А. Зубчонак і дацэнта кафедры кандыдата філалагічных навук, дацэнта Л.Г. Шасцярнёвай – дапамагалі ўдзельнікам квіза ў напружанай інтэлектуальнай барацьбе.

У фінале спаборніцтва старшыня журы падкрэсліла добры ўзровень філалагічнай падрыхтоўкі студэнтаў, здольнасць да аналітычнага мыслення, зацікаўленасць у выкананні заданняў і ўменне весці дружную камандную работу. Н.А. Зубчонак падзякавала арганізатарам сустрэчы і выказала надзею на далейшае творчае супрацоўніцтва.

Каманды атрымалі заслужаныя ўзнагароды.

Пасля завяршэння мерапрыемства жадаючыя наведалі музейную экспазіцыю Інстытута гісторыі.

Сустрэча аб’яднала больш за 30 удзельнікаў. Па словах гасцей, яна дапамагла ім усвядоміць значэнне роднай мовы ў будучай прафесійнай дзейнасці.

 

А. Ванкевіч, Г. Бубен

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы