ФЕНОМЕН РЭГІЯНАЛЬНАЙ КУЛЬТУРЫ ПАСТАЎШЧЫНЫ

Менавіта так эфектна і запамінальна называецца прымеркаваная да Года міру і стваральнай працы Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя, што адбылася 17–18 сакавіка ў Паставах. Арганізатарамі навуковага мерапрыемства выступілі Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі і Пастаўскі раённы выканаўчы камітэт.

Не сакрэт, што падмурак любой культуры – нацыянальная мова, якая складае менталітэт і духоўную аснову грамадства, фарміруе пачуццё любові да сваёй Радзімы і адказнасці за яе лёс. «Патрыятызм – аснова жыццяздольнасці грамадства, а фарміраванне патрыятызму немагчыма без ведання роднай культуры і мовы, – адзначыў дырэктар Інстытута мовазнаўства Ігар Капылоў. – Культура фарміруе чалавека як асобу, фарміруе яго мараль. У сваю чаргу, культура рэгіёна з’яўляецца неад’емным складнікам культуры краіны».

Гэту думку падтрымаў намеснік старшыні Пастаўскага райвыканкама Станіслаў Чымбург. Ён расказаў пра багатую і адметную культуру Пастаўшчыны, пра асоб, якімі ганарыцца Пастаўскі край.  Сярод іншага, С. Чымбург згадаў сапраўдны феномен – самаробныя дыятанічныя цымбалы таленавітага музыкі і майстра Валянціна Жагулы з пасёлка Варапаева Пастаўскага раёна, які аднавіў гэты музычны інструмент па старых чарцяжах знакамітага майстра Іосіфа Новіка з Пожарцаў, Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік», які ўжо 30 гадоў збірае ў Паставах лепшых выканаўцаў і аматараў народнай музыкі, а таксама лаўрэата Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне», якому да таго ж першаму ў Віцебскай вобласці было прысвоена званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь», народны ансамбль «Паазер’е» пад кіраўніцтвам Анатоля Собаля.

Акадэмічныя мовазнаўцы – супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі на чале з дырэктарам Ігарам Капыловым сталі не толькі арганізатарамі канферэнцыі, але і актыўнымі ўдзельнікамі.

Так, Ігар Капылоў і загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Вераніка Курцова засяродзілі ўвагу на рэгіянальным анамастыконе Пастаўшчыны ў гістарычным, функцыянальна-семантычным і лексікаграфічным аспектах. У прыватнасці, з выступлення В. Курцовай пастаўчанам было цікава даведацца, што прозвішчы на  -овіч, -евіч  тыпу Абрамовіч, Ясіновіч,  Ярашэвіч вельмі папулярныя ў Пастаўскім раёне – ледзьве не трэцяя частка жыхароў паўночна-заходняга рэгіёна (Браслаўскі, Глыбоцкі, Мёрскі, Пастаўскі раёны) Беларусі, прозвішчы якіх заканчваюцца на -овіч, -евіч, жывуць чамусьці  на Пастаўшчыне. Да мовазнаўцаў далучыўся настаўнік Варапаеўскай сярэдняй школы Мікалай Атрахімовіч, які расказаў пра арганізацыю навукова-даследчай працы вучняў па зборы мікратапонімаў Варапаеўскага сельскага савета.

Вядучыя навуковыя супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства Міхаіл Тарэлка і Ірына Сынкова прадставілі звесткі пра рукапісную спадчыну татараў Пастаўшчыны, прэзентавалі зборнік навуковых артыкулаў Інстытута «З рукапіснай спадчыны татараў ВКЛ», перадалі ў дар Пастаўскаму раённаму краязнаўчаму музею Каран 1914 г. і рэлігійнае выданне канца ХІХ ст. «Законы веры», што належалі жыхару Пастаў Якубу Адамовічу.

Нечакана захапляльным і артыстычным стала выступленне галоўнага навуковага супрацоўніка Інстытута біяхіміі і біялагічна актыўных злучэнняў НАН Беларусі, члена-карэспандэнта НАН Беларусі Андрэя Майсяёнка, які  расказаў пра жыццёвы і творчы шлях легендарных ураджэнцаў Пастаўшчыны: самадзейнага кампазітара, стваральніка і мастацкага кіраўніка ансамбля песні і танца «Спадчына», мастацкага кіраўніка Варапаеўскага Дома культуры, заслужанага работніка культуры БССР, лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне» Іосіфа Сушко і яго сястры Тамары Сушко (Мурашовай) – заслужанага работніка культуры РФ, стваральніцы дзіцячай музычнай школы, дзіцячага духавога аркестра, а таксама музычнага фестывалю «Баўленскія вечары» на Уладзімірскай зямлі.

Цікавыя звесткі з гісторыі тэатральнага мастацтва Пастаўскага краю прадставіла загадчык аддзела тэатральнага мастацтва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі Вераніка Ярмалінская, якая паведаміла пра тэатр і балетную школу Антонія Тызенгаўза – вядомага дзяржаўнага дзеяча і мецэната Вялікага Княства Літоўскага, уладальніка Пастаў у другой палове XVIII ст. Дзякуючы Антонію Тызенгаўзу, тут з’явіліся тэатр, музычная і балетная школы, народнае вучылішча і бібліятэка. 

 Дарэчы, пра публічныя бібліятэкі як адзін з фактараў развіцця і фарміравання культурнай прасторы Пастаўшчыны гаварыла падчас канферэнцыі дырэктар Пастаўскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Ганна Літвіновіч.

Супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі звярнулі ўвагу на даўнюю гісторыю Пастаўшчыны. З выступлення загадчыка аддзела археалогіі першабытнага грамадства Максіма Чарняўскага ўдзельнікі і госці канферэнцыі даведаліся нямала цікавых фактаў пра археалагічныя раскопкі ва ўрочышчы Задзеўскае, пра знаходкі каменнага і бронзавага вякоў і перспектывы далейшых даследаванняў. З выступлення загадчыка аддзела гісторыі Беларусі ІХ–ХVІІІ стагоддзяў і археаграфіі Аляксандра Доўнара – пра  даходы, расходы, лясныя тавары, промыслы ў 30-я гады ХVІІ ст.

У той жа час дацэнт кафедры гісторыі турызму Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай Уладзімір Аўсейчык распавёў пра пастаўскіх старавераў сярэдзіны ХХ – пачатку ХХІ ст., а літаратуразнаўца Міхась Кенька, які нарадзіўся ў вёсцы Верацеі, што на Пастаўшчыне, расказаў некалькі цікавых гісторый, звязаных з малой радзімай, і падарыў Пастаўскаму краязнаўчаму музею вялікі керамічны медальён з выявай сваёй роднай хаты, створаны вядомым беларускім скульптарам Іванам Міско.

Канферэнцыя выклікала вялікую цікавасць з боку творчай інтэлігенцыі і работнікаў адукацыі Пастаўскага раёна, што дае падставы спадзявацца на далейшыя сумесныя з акадэмічнымі навукоўцамі даследчыя праекты, скіраваныя на вывучэнне гісторыі і культуры роднага краю.

 

Наталля Якавенка

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы