
16 кастрычніка 2025 года ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя «Роднае слова на хвалях часу: да 90-годдзя акадэміка А. І. Падлужнага»
Канферэнцыю адкрыла Валянціна Паўлаўна Русак, загадчык аддзела сучаснай беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, падкрэсліўшы вялікі ўклад акадэміка А. І. Падлужнага ў развіццё беларускага мовазнаўства і яго ролю ў вывучэнні фанетыкі і фаналогіі сучаснай беларускай мовы.

У прывітальным слове намеснік акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Вольга Сяргееўна Юшкевіч адзначыла, што найлепшыя навуковыя традыцыі, закладзеныя акадэмікам А. І. Падлужным і вучонымі папярэдніх пакаленняў, аддзел сучаснай беларускай мовы пад кіраўніцтвам В. П. Русак працягвае і сёння.

Дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Вольга Мікалаеўна Папко звярнула ўвагу на повязь часоў і пераемнасць пакаленняў даследчыкаў беларускай мовы, падкрэсліла важнасць перадачы вопыту і напрацовак ад старэйшых вучоных малодшым.

Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Іванавіч Лакотка расказаў пра руплівую працу А. І. Падлужнага на пасадзе акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, падкрэсліў яго заслугі не толькі як вучонага, але і як арганізатара навуковай работы.

Цёплымі ўспамінамі пра акадэміка А. І. Падлужнага падзяліўся таксама член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Мікалаевіч Булыка, якога звязвала з Аляксандрам Іосіфавічам шчырае сяброўства са студэнцкіх гадоў.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ДУА “Сярэдняя школа № 140 г. Мінска” Святлана Аляксандраўна Курбанава расказала пра створаны на базе школы гістарычны музей, а вучні правялі для гасцей і ўдзельнікаў канферэнцыі творчую экскурсію, якая нікога не пакінула абыякавым.
На пленарным пасяджэнні з дакладамі выступілі загадчык аддзела сучаснай беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Валянціна Паўлаўна Русак (Фанетычная навуковая школа акадэміка А. І. Падлужнага: гісторыя і сучаснасць), прафесар кафедры фанетыкі і практыкі англійскага маўлення Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта замежных моў Вольга Аляксандраўна Арцёмава (Цивилизация сквозь призму фразеологии: лингвокультурологический комментарий), прафесар кафедры беларускай мовы Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Вольга Аляксееўна Ляшчынская (Фразеалогія і граматыка), загадчык аддзела інтэлектуальных сэрвісаў Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі Вольга Віктараўна Дыдо (Беларускамоўныя маўленчыя тэхналогіі і іх рэалізацыя ў прыкладных сістэмах).


Далей праца працягвалася на секцыйных пасяджэннях, у рамках якіх абмяркоўваліся даклады, прысвечаныя актуальным праблемам мовазнаўства. У рамках першай секцыі “Беларуская і руская мовы на сучасным этапе: дынаміка і тэндэнцыі развіцця ў полікультурнай прасторы” разглядаліся пытанні семантыкі рускай і беларускай моў, юрыдычнай і медыцынскай тэрміналогіі, сучаснага беларускага медыямаўлення, фанетыкі, марфемікі, марфаналогіі, лексікалогіі, лексікаграфіі і сінтаксісу сучаснай беларускай мовы і інш.
Другая секцыя “Актуальныя пытанні дыялекталогіі і гістарычнага мовазнаўства” аб’ядноўвала даклады адпаведнай тэматыкі: закраналіся пытанні дыялектнай лексікі і асаблівасцей гаворак розных рэгіёнаў Беларусі, этымалогіі дыялектызмаў у творах беларускіх пісьменнікаў, аналізаваліся моўныя асаблівасці асобных старабеларускіх помнікаў і інш.
Даклады, якія прагучалі ў рамках трэцяй секцыі “Этналінгвістыка, лінгвакультуралогія і стылістыка ў тэарэтычным і практычным аспектах”, ахоплівалі розныя грані моўнай карціны свету беларусаў, асаблівасцей аўтарскага стылю пісьменнікаў, актуальныя праблемы фразеалогіі і інш.

Удзельнікі адзначылі цёплую, прыязную атмасферу, у якой прайшла канферэнцыя. Яна аб’яднала даследчыкаў розных рэгіёнаў і прадэманстравала пераемнасць пакаленняў беларускіх лінгвістаў.
С. Богуш
Фота В. Косцінай







