Свята роднай мовы разам з гімназістамі

17 лютага 2021 года падчас святкавання Тыдня роднай мовы Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі наведалі настаўнікі і вучні гімназіі № 25 горада Мінска (год таму паміж названымі ўстановамі было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве).

Сустрэча пачалася з цёплых і шчырых прывітальных слоў дырэктра Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі акадэміка Аляксандра Іванавіча Лакоткі, першага намесніка дырэктара цэнтра акадэміка Аляксандра Аляксандравіча Лукашанца, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 25 горада Мінска Галіны Міхайлаўны Мартыновіч.

Потым перад супрацоўнікамі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа выступілі гімназісты. Яны з захапленнем расказалі пра сваю навучальную ўстанову, правялі змястоўную віртуальную экскурсію ў вершах па школьным краязнаўчым музеі, натхнёна прачыталі вершы вядомых беларускіх паэтаў пра родную мову.

Загадчык сектара камп’ютарнай лінгвістыкі Уладзімір Аляксандравіч Кошчанка правёў для прысутных навукова-практычны семінар на тэму “Выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій пры вывучэнні беларускай мовы”, на якім вельмі цікава і падрабязна расказаў пра электронныя рэсурсы, карысныя і важныя пры навучанні беларускай мове і яе вывучэнні, у прыватнасці, пра Нацыянальны корпус беларускай мовы, Біблійны корпус, анлайнавы канвентар слоў і тэкстаў беларускай мовы, анлайнавы сэрвіс, які дапамагае праверыць адпаведнасць напісанняў правілам арфаграфіі.

Малодшы навуковы супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Анастасія Андрэеўна Марозава арганізавала для гімназістаў пазнавальную і займальную гульню-віктарыну па беларускай мове. Каманды “Аканне” і “Яканне” пад кіраўніцтвам Анастасіі Андрэеўны адказвалі на лінгвістычныя пытанні і разгадвалі крыжаванкі трох блокаў віктарыны “Размінка”, “Лексіка”, “Фразеалогія”. Вучні стараліся, працавалі з інтарэсам і задавальненнем, праявілі добрыя веды па роднай мове. Хоць перамагла каманда “Аканне”, але ж падарункі – кнігі класікаў беларускай літаратуры і цукеркі – атрымалі прадстаўнікі абедзвюх каманд.

Завяршылася сустрэча бардаўскімі песнямі, якія выканаў іх аўтар – старшы навуковы супрацоўнік аддзела ўзаемасувязей літаратур Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Леанідавіч Мінскевіч.

 

Н.В. Паляшчук

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы