У Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры 20 лютага адбыўся круглы стол на тэму “Экспансія замежных слоў у беларускай і рускай мовах: узбагачэнне або засмечванне літаратурнай мовы?”.
Удзельнікі мерапрыемства – супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа абмеркавалі актуальныя праблемы, звязаныя з шырокім распаўсюджваннем запазычаных слоў у сучасных беларускай і рускай мовах.
З вітальным словам выступіў дырэктар інстытута Ігар Лявонавіч Капылоў. Ён адзначыў дыскусійны характар сустрэчы і прапанаваў удзельнікам і прысутным выказаць свае меркаванні, ці з’яўляецца запазычванне новых слоў экспансіяй або гэта натуральны працэс развіцця мовы.
Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы кандыдат філалагічных навук Эльвіра Валер’еўна Ярмоленка адзначыла, што адным са шляхоў папаўнення лексічнага складу беларускай мовы на ўсім працягу яе развіцця было засваенне слоў і словаспалучэнняў з іншых моў. У старабеларускай літаратурна-пісьмовай мове налічваецца каля 4000 запазычанняў больш чым з дзясятка моў. Беларускімі мовазнаўцамі створаны “Гістарычны слоўнік беларускай мовы”, а таксама іншыя тыпы дыяхранічных лексікаграфічных выданняў, дзе знайшлі адлюстраванне розныя тэматычныя групы запазычанняў, іх арфаграфічныя, марфалагічныя і лексічныя варыянты, паказаны шляхі пранікнення ў старабеларускую мову, дэрывацыйная актыўнасць і інш.
Навуковы супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Анастасія Андрэеўна Марозава пазнаёміла прысутных з аспектамі міжмоўнага беларуска-польскага ўзаемадзеяння на працягу апошніх ста гадоў і іх вынікамі на сучасным этапе развіцця лексічнай сістэмы беларускай мовы. Даследчыца спынілася на гісторыі пранікнення польскамоўных лексічных сродкаў у беларускую мову і заўважыла, што асаблівую цікавасць для лексікографаў уяўляюць тыя запазычанні, якія выступаюць у якасці поўных (ці частковых) варыянтаў да кадыфікаваных слоўнікамі лексічных адзінак папярэдніх этапаў развіцця мовы: фрызура – прычоска, імбрык – чайнік, ровар – веласіпед, мапа – карта.
Загадчык аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі кандыдат філалагічных навук Алена Мікалаеўна Лапцёнак у сваім выступленні засяродзіла ўвагу на прынцыпах лексікаграфавання адзінак, запазычаных у пачатку ХХІ ст., у новым тлумачальным слоўніку беларускай мовы. Паказчыкам замацавання новага слова ў сістэме беларускай мовы з’яўляецца шырокая рэалізацыя яго семантычнага патэнцыялу праз пашырэнне значэння і развіццё новых і здольнасць служыць базай для ўтварэння новых слоў (напрыклад, бюджэт: бюджэтнік, бюджэтніца, бюджэтаваць і інш.).
Загадчык аддзела руска-беларускіх моўных сувязей кандыдат філалагічных навук Ірына Уладзіміраўна Ялынцава падкрэсліла актуальнасць вынесенага на абмеркаванне пытання і для рускага мовазнаўства. У лінгвістычных працах выразна прасочваюцца два палярныя пункты погляду на працэс запазычвання іншамоўнай лексікі: адны вучоныя лічаць, што лавінападобны яго характар вядзе да засмечвання мовы, іншыя – што гэта натуральная аб’ектыўная з’ява. Ірына Уладзіміраўна прытрымліваецца таго меркавання, што і многія даследчыкі, у прыватнасці Ю. Караулаў: “Тревогу должно вызывать… не состояние системы языка, а уровень языковых способностей нашего общества – наше массовое косноязычие, производящее впечатление национальной катастрофы”.
Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснай беларускай мовы кандыдат філалагічных навук Вікторыя Іванаўна Уласевіч адзначыла, што запазычванне – гэта натуральны працэс у гісторыі кожнай мовы, які адлюстроўвае культурныя, эканамічныя, палітычныя сувязі народаў. У канцы ХХ – пачатку ХХІ ст. беларуская мова папоўнілася вялікай колькасцю новых слоў, вялікую частку якіх складаюць запазычанні. Даследчыца расказала аб прычынах запазычвання і звярнула ўвагу, што нярэдка новыя запазычанні не здольны перадаць усе адценні значэння іх адпаведнікаў, замацаваных у літаратурнай мове, або маюць іншую эмацыянальна-стылістычную афарбоўку: параўнайце тынэйджар і падлетак (нельга, напрыклад, замест цяжкі падлетак ужыць цяжкі тынэйджар), крэатыўнасць і творчасць, бэбісітар і нянька. Часта запазычанні дэталізуюць значэнне даўно вядомага слова (байка, світшот, худзі) або ўспрымаюцца носьбітамі мовы як больш сацыяльна прэстыжныя (клінер, мерчандайзер і пад.).
Падчас круглага стала адбылася прэзентацыя “Слоўніка новых запазычаных слоў беларускай мовы” В.І. Уласевіч і Н.М. Даўгулевіч, які выйшаў з друку ў канцы 2023 г. У Слоўніку зафіксавана новая запазычаная лексіка, якая з’явілася ў першай чвэрці ХХІ ст. і актыўна выкарыстоўваецца ў сучаснай беларускай мове. У некаторых выпадках фіксуюцца словы, якія былі запазычаны ў больш ранні перыяд (у канцы ХХ ст.), зафіксаваны ў апошніх слоўніках беларускай мовы, але не згубілі адценне навізны ў наш час.
Лексічная база Слоўніка дае магчымасць тэматычна ахапіць усе сферы сучаснага жыцця, якія з найбольшай паўнатой адлюстроўваюць змены, што адбываюцца ў жыцці грамадства: палітыку, сацыяльны лад, новыя эканамічныя адносіны, сферу інфармацыйных тэхналогій, спорт, культуру і шоу-бізнес, медыцыну і касметалогію, кулінарыю, побыт і г. д. Усяго зафіксавана каля 2500 слоў, значная частка з якіх не была апісана раней і фіксуецца ў лексікаграфічным выданні ўпершыню.
Значная колькасць лексем, зафіксаваных у слоўніку, актыўна выкарыстоўваецца на сучасным этапе развіцця мовы. Аднак толькі моўная практыка здольная будзе паказаць, якія з іх замацуюцца ў слоўнікавым складзе. Прагназаванне развіцця лексічнага складу мовы на сінхронным этапе можа носіць толькі ўмоўны характар. У сувязі з гэтым варта згадаць новыя словы (у прыватнасці, дыскета, пэйджар і пад.), зафіксаваныя ў Слоўніку новых слоў беларускай мовы (2009), якія па сутнасці ўжо з’яўляюцца гістарызмамі, а таму не ўключаліся ў дадзенае выданне.