12 – 13 верасня 2023 года ў г. Бішкеку (Кыргызская Рэспубліка) адбыўся XVI форум творчай і навуковай інтэлігенцыі дзяржаў-удзельніц СНД. Асноўная тэма форуму: праз узаемадзеянне культур да садружнасці і міру. Работа форуму была арганізавана ў фармаце пленарнага пасяджэння, агульнай дыскусійнай сесіі “2023: Год рускай мовы як мовы міжнацыянальных зносін у СНД”, дыскусійных пляцовак “Развіццё дыялогу культур краін СНД”, “Агульная навукова-адукацыйная прастора Садружнасці”, “Моладзь краін Садружнасці ў валанцёрскіх ініцыятывах”, “Чынгіз Айтматаў і сучаснасць”.
У форуме прынялі ўдзел дзеячы навукі, культуры і адукацыі Садружнасці, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, прадстаўнікі міждзяржаўных структур, міжнародных арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў. НАН Беларусі на форуме прадстаўлялі дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў і дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Іван Саверчанка.
І.Капылоў выступіў з дакладам на тэму “Роль нацыянальных і рускай моў у дыялогу культур краін СНД”, у якім акцэнтаваў увагу на праблеме захавання і падтрымкі нацыянальнай самабытнасці і полікультуралізму ў сучасным глабальным свеце. У сваім выступленні дырэктар Інстытута мовазнаўства спыніўся на традыцыйных і новых напрамках супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з краінамі-ўдзельніцамі СНД у галіне мовазнаўства: перакладазнаўства, сацыялінгвістычныя даследаванні, камп’ютарная лінгвістыка, цюркалогія, кагнітыўная лінгвістыка, вяртанне архіўнай моўнай спадчыны, стварэнне і развіццё цэнтраў мовы і культуры краін СНД. І.В. Саверчанка зрабіў даклад “Літаратура – дзейсная форма міжкультурнага дыялогу”, у якім вызначыў прыярытэтныя напрамкі развіцця сучасных літаратур і акрэсліў важнейшыя кірункі ўзаемадзеяння майстроў слова і літаратуразнаўцаў краін Садружнасці. Падчас форуму адбылося зацікаўленае абмеркаванне буйных супольных выданняў і ўзаемных перакладаў.
Прызнаючы ўзаемадзеянне і дыялог культур краін СНД неабходнай умовай і найважнейшым рэсурсам устойлівага развіцця ўсяго рэгіёна Еўразіі, удзельнікі форума выказаліся за рэалізацыю канкрэтных механізмаў гуманітарнага супрацоўніцтва на прасторах Садружнасці ў сферы культуры, навукі, адукацыі, супрацоўніцтва моладзі і ў валанцёрскіх ініцыятывах.