Супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа – лаўрэаты Міждзяржаўнай прэміі “Зоркі Садружнасці”

17 верасня 2024 года  ў горадзе Уфа (Рэспубліка Башкартастан) у рамках ХVII Форуму творчай і навуковай інтэлігенцыі дзяржаў-удзельнікаў СНД “Содружество Независимых Государств: общие ценности и многообразие культур” адбылося ўзнагароджанне лаўрэатаў Міждзяржаўнай прэміі “Звёзды Содружества” – супрацоўнікаў аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Вольгі Нікалаевай, Ірыны Кандрацені і Аксаны Ванкевіч.

Старшыня Праўлення Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва Пасол Азербайджана ў Расіі  Палад Бюльбюль аглы і сустаршыня Праўлення МФГС спецыяльны прадстаўнік Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл Яфімавіч Швыдкой уручылі лаўрэатам узнагародныя камплекты – ганаровыя знакі і дыпломы.

У форуме, які адкрыў глава Рэспублікі Башкартастан Радзій Фарытавіч Хабіраў, прынялі ўдзел больш за 250 прадстаўнікоў з краін СНД – Азербайджанскай Рэспублікі, Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан, Кыргызскай Рэспублікі, Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Таджыкістан і Рэспублікі Узбекістан. Абмен творчай і навуковай інфармацыяй, рэалізацыя сумесных гуманітарных праектаў з’яўляюцца важнымі ўмовамі для збліжэння і ўзаемадзеяння паміж рознымі культурамі і народамі.

Форум прайшоў у атмасферы сяброўскага зацікаўленага абмену думкамі, даў магчымасць для прамых зносін дзеячаў навукі і адукацыі, культуры і мастацтва. Праграма мерапрыемства ўключала працу разнастайных дыскусійных пляцовак (“Творческие инновации и национальные культурные традиции стран Содружества”, “Наука и образование в эпоху цифровой трансформации в СНГ”, “Волонтерство как ресурс развития общества: связь поколений”), круглых сталоў (“К 80-летию Победы в Великой Отечественной войне”, “Взаимодействие творческих вузов стран Содружества”, “Кино в пространстве Содружества” і інш.).

У рабоце форума (дыскусійная пляцоўка “Наука и образование в эпоху цифровой трансформации в СНГ”, круглы стол “К 80-летию Победы в Великой Отечественной войне”) прыняў удзел дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Капылоў І.Л. Ігар Лявонавіч разам з прадстаўнікамі беларускай дэлегацыі наведаў вёску Балтыйская, у якой з канца XIX стагоддзя пражываюць беларусы. Адбылася сустрэча з мясцовай творчай інтэлігенцыяй, падчас якой былі абмеркаваны пытанні супрацоўніцтва.

 Лаўрэаты прэміі азнаёміліся з дзейнасцю першага ў Расіі Міжвузаўскага студэнцкага кампуса Еўразійскага навукова-асветніцкага цэнтра сусветнага ўзроўню, які выступае пасрэднікам паміж навукай і бізнесам.

Удзельнікі Форуму атрымалі сапраўднае эстэтычнае задавальненне ад насычанай культурнай праграмы. У канцэртнай зале “Башкартастан” прагучалі вядомыя класічныя кампазіцыі ў выкананні Маладзёжнага сімфанічнага аркестра СНД (кіраўнік – народны артыст Расійскай Федэрацыі Сяргей Скрыпка) з удзелам пяці выдатных дырыжораў з розных краін Садружнасці.

Гасцей башкірскай зямлі па-сапраўднаму захапіла яскравае выступленне Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля народнага танца імя Файзі Гаскарава, які паказаў палітру нацыянальных танцаў прасторы СНД.

Праведзены Форум стварыў спрыяльную платформу для дыялогу краін і ўмацавання міжнацыянальных сувязей; безумоўна, ён будзе садзейнічаць падтрымцы прынцыпаў узаемнай павагі, захоўванню разнастайнасці нацыянальных культур і ўзаемаабагачэнню ў гуманітарнай сферы, якая аб’ядноўвае народы Садружнасці.

 

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы