Падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў V рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых і творчых работ “Тут родныя трымаюць карані...”

14 снежня ў актавай зале Мінскай духоўнай акадэміі адбылося падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў V рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых і творчых работ “Тут родныя трымаюць карані...”, аб’яўленага ўстановай «Рэдакцыя часопіса “Роднае слова”» і прымеркаванага да Года малой радзімы.

Сёлета ўдзел у конкурсе ўзялі вучні IX–XI класаў, навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, студэнты вышэйшых навучальных устаноў, педагогі, кіраўнікі ўстаноў адукацыі, прадстаўнікі з усіх рэгіёнаў краіны. Акрамя таго, на конкурс даслалі работы вучні 5–8-х класаў. Найбольш моцныя работы, нягледзячы на юны ўзрост удзельнікаў, журы прыняло на разгляд. І некаторыя вучні нават сталі пераможцамі.

Усяго паступіла на конкурс 315 работ, з іх 289 былі прыняты на разгляд. Дыпломы пераможцаў атрымалі 129 удзельнікаў (некаторыя работы былі выкананы двума і больш аўтарамі), граматамі ўзнагароджаны 104 кіраўнікі работ. Дыпломамі ўзнагароджаны 182канкурсанты.

Вядучая свята і старшыня журы конкурсу, галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова” Зоя Іванаўна Падліпская на пачатку ўрачыстага мерапрыемства адзначыла, што з году ў год якасць конкурсных работ павышаецца, што за кожнай конкурснай работай – значныя душэўныя высілкі аўтараў і клопат кіраўнікоў, іх глыбокія думкі і чыстыя памкненні.

“Нам надзвычай прыемна, што ёсць сярод канкурсантаў і кіраўнікоў дзеці і іх бацькі, што дарослыя (дзядулі, бабулі, суседзі, аднавяскоўцы – як вынікае з работ – дапамагалі, чым маглі: расказвалі гісторыі са свайго жыцця, спявалі аўтэнтычныя народныя песні, давалі інтэрв’ю, дзяліліся майстэрствам вышывання і шапавальства, фотаздымкамі і неабходнымі ў паходзе рэчамі, рэцэптамі страў беларускай кухні; нагадвалі пра цікавыя мясціны падчас складання канкурсантамі турыстычных маршрутаў, тлумачылі паходжанне мянушак людзей у роднай вёсцы і некаторых тапанімічных назваў роднай мясцовасці, дапамагалі ў складанні слоўнікаў і проста жадалі поспехаў. Дзякуем ім за гэта”, – выказалася старшыня журы.

Гасцямі свята сталі: прарэктар па выхаваўчай рабоце Мінскай духоўнай акадэміі іерэйАндрэй Бабушкін, магістр багаслоўя; намеснік старшыні Сінадальнага аддзела па рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы іерэй Стэфан Варапай; юная пісьменніца, пераможца балгарскага літаратурнага нацыянальнага конкурсу “Новыя імёны”Сафія Ворса.

Прадстаўнікі журы конкурсу: доктар філалагічных навук прафесар, загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, галоўны рэдактар часопіса “Беларуская мова і літаратура” Алесь Іванавіч Бельскі; кандыдат філалагічных навук, дацэнт, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі  Ігар Лявонавіч Капылоў; кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Дзмітрый Васільевіч Дзятко; намеснік старшыні Сінадальнага аддзела па рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы, настаяцель прыхода Святога пакутніка Уладзіміра Хіраскі іерэй Дзімітрый Ворса; першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаны журналіст Беларускага Саюза журналістаў, сябра Саюза пісьменнікаў Расіі Алена Анатольеўна Стэльмах; настаўнік беларускай мовы і літаратуры кваліфікацыйнай вышэйшай катэгорыі, аўтар метадычнага дапаможніка “Беларуская мова. Тэсты” Ларыса Іванаўна Пшанічная; рэдактар аддзела – член рэдкалегіі Ларыса Уладзіміраўна Сагановіч; рэдактар аддзела – член рэдкалегіі Наталля Мікалаеўна Шапран; рэдактар аддзела Вольга Леанідаўна Крукоўская; рэдактар аддзела Крысціна Мікалаеўна Пучынская выступілі з вітальнымі словамі і добрымі пажаданнямі ў гонар пераможцаў.

Кожны з членаў кампетэнтнага журы адзначаў важнасць правядзення рэдакцыяй часопіса “Роднае слова” такіх конкурсаў, што спрыяюць выхаванню беларускай моладзі ў павазе да сваіх каранёў, продкаў, уласнай сям’і і радзімы, добрую якасць работ пераможцаў, перспектыўнасць далейшай распрацоўкі абраных тэм.

Шчыраванні роднасловаўцаў і рэдакцыйнай калегіі часопіса па зберажэнні і захаванні духоўнай спадчыны, значная культурна-асветніцкая дзейнасць былі адзначаны старшынёй Сінадальнага аддзела па рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы уладыкам Веніямінам, епіскапам Барысаўскім і Мар’інагорскім, граматамі, якія напрыканцы ўрачыстага ўзнагароджання пераможцаў намеснікі старшыні Сінадальнага аддзела па рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы іерэі Стэфан Варапай і Дзімітрый Ворса ўручылі А. Бельскаму, І. Капылову, Д. Дзятко, А. Стэльмах і супрацоўнікам рэдакцыі часопіса “Роднае слова” Марыі Кныш, Вользе Барздовай, Ларысе Сагановіч, Крысціне Пучынскай, Наталлі Шапран, Канстанціну Лісецкаму, Вользе Крукоўскай, Ларысе Пшанічнай, Валянціне Ракіцкай.

Галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова” Зоя Іванаўна Падліпская ўганаравана медалём “Свяшчэннапакутніка прасвітара Уладзіміра Хіраскі” ІІ ступені.

Словы шчырай падзякі за высокую ацэнку працы калектыву рэдакцыі і рэдакцыйнай калегіі часопіса “Роднае слова”, актыўную дапамогу ў правядзенні рэспубліканскага конкурсупрагучалі ад арганізатараў урачыстасці ў адрас кіраўніцтва і рэктара Мінскай духоўнай акадэміі, доктара багаслоўя, прафесара архімандрыта Сергія (Акімава); старшыні Сінадальнага аддзела па рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы, кандыдата багаслоўя уладыкі Веніяміна, епіскапа Барысаўскага і Мар’інагорскага; пісьменніка, даследчыка, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва Анатоля Статкевіча-Чабаганава.

Мерапрыемства, што адбылося ў шчырай і незабыўнай атмасферы, завяршылася агульнымі фотаздымкамі, аўтографамі на памяць ад галоўнага рэдактара часопіса “Роднае слова”, паэта, перакладчыка і публіцыста Зоі Падліпскай і юнай аўтаркі Сафіі Ворсы, кнігі якой пераможцы і кіраўнікі іх работ атрымалі ў падарунак разам з дыпломамі і граматамі.

Адчувалася, што кожны з прысутных на гэтай урачыстасці атрымаў не проста ўзнагароду, а вялікую духоўную ўдзячнасць сваіх продкаў, землякоў, роднай беларускай зямлі. А яшчэ – удзячнасць нашчадкаў, для якіх так беражліва па крупінках збіралі духоўныя скарбы ўдзельнікі конкурсу “Тут родныя трымаюць карані...”.

https://rod-slova.by/naviny/padvjadzenne-vynika-i-znagarodzhanne-peramozhtsa-v-respublikanskaga-konkursu-navukova-dasledchyh-i-tvorchyh-rabot-%C2%A0tut-rodnyja-trymajuts-karani/

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы