ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ Ў АКАДЭМІІ МІНІСТЭРСТВА ЎНУТРАНЫХ СПРАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца кожны год 21 лютага як садзеянне абароне і захаванню моў народаў свету, у Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь з лекцыяй на тэму “Дзяржаўнасць беларускай мовы” выступіла галоўны навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (філіял “Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа”) доктар філалагічных навук Мароз Валянціна Канстанцінаўна.

Гутарка ў форме дыялогу прадугледжвала найперш засяроджанне на размежаванні паняццяў “дзяржаўная мова” (national language) і “афіцыйная мова” (official language). Мова, якая ахоплівае ўсё насельніцтва дзяржавы, функцыянуе як прававы інстытут. Дзяржаўная мова ў Рэспубліцы Беларусь выконвае інтэграцыйную функцыю ў палітычнай, сацыяльнай і культурнай сферах і выступае ў якасці сімвала дзяржавы. Паняцце “дзяржаўнай мовы” звязана з мэтанакіраванай, усвядомленай моўнай палітыкай дзяржавы, з распрацоўкай прававых норм у галіне моўных зносін. Афіцыйны статус мовы распаўсюджваецца толькі на сферы дзяржаўнага кіравання, заканадаўства і судаводства.

У арт. 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь вызначана, што “Дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская мовы”. У адпаведнасці з практыкай, якая склалася, работнікі органаў дзяржаўнага кіравання і юрыдычных асоб абавязаны валодаць абедзвюма дзяржаўнымі мовамі. Разам з тым была звернута ўвага на тое, што валоданне абедзвюма мовамі ўсімі грамадзянамі, а тым больш кожным, не прапісана ў Канстытуцыі і іншых заканадаўчых актах Рэспублікі Беларусь.

У адпаведнасці з Законам, для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў веданне дзвюх моў прадугледжана ў аб’ёме, неабходным для выканання службовых абавязкаў. З гэтага вынікае, што веданне абедзвюх моў для асобных катэгорый грамадзян з’яўляецца дадатковым кваліфікацыйным патрабаваннем.

Пытанні, якія задалі курсанты на завяршэнне сустрэчы, сведчаць пра зацікаўленасць аўдыторыі правазнаўчай тэматыкай.

 

Мароз В.К.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы