Дзень роднай мовы ў Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэцы

21 лютага 2024 года Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка, як і іншыя культурна-асветніцкія і навучальныя ўстановы Беларусі, ладзіла адметнае мерапрыемства – свята “Родныя словы: сельская гаспадарка”, прымеркаванае да Дня роднай мовы. Пытанні па яго арганізацыі ўзгаднялі разам Савет маладых вучоных Аддзялення аграрных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Аднак галоўны клопат па годным правядзенні святочнай імпрэзы ўсклаў на сябе калектыў Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі імя І. С. Лупіновіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Свята мела тры часткі. Адна – гэта інтэлектуальна-пазнаваўчы квіз. У правядзенні інтэлектуальнага спаборніцтва ўдзельнічала пяць каманд, вынікі ведаў якіх ацэньвала журы, у складзе якога як лінгвіст была В.М. Курцова. Каманды прадэманстравалі свае веды па роднай мове і досвед у адметнасцях традыцыйнай духоўнай і матэрыяльнай культуры беларусаў, звязанай з сельскай гаспадаркай. 

 
Журы ацэньвае працу каманд
 
Другая частка мерапрыемства – лекцыйная. З лекцыяй “Сельскагаспадарчая тэрміналагічная база беларускай нацыянальнай мовы” перад слухачамі выступіла Вераніка Мікалаеўна Курцова, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. 
 
В. М. Курцова расказала аб лексікаграфічных і лінгвагеаграфічных выданнях, створаных у галіне беларускай нацыянальнай дыялекталогіі, якія сталі базай для складання адпаведных нарматыўных слоўнікаў па сельскагаспадарчай тэрміналогіі. Найперш даследчык засяродзілася на ідыяграфічных слоўніках “Раслінны свет” (2001), “Сельская гаспадарка” (2010).
 
Выступае В.М. Курцова
 
Асаблівую цікавасць выклікала ў прысутных інфармацыя пра назвы, звязаныя з традыцыйным земляробствам, у прыватнасці з найменнямі глебы, некаторымі прыроднымі з’явамі, намінацыямі рэльефу. Новымі былі для слухачоў і звесткі пра гісторыю стварэння тэрміналагічных акадэмічных слоўнікаў па сельскай гаспадарцы, якія друкаваліся ў 1920-я гады і ў 1990-я. Думаецца, што такая інфармацыя была карыснай для прысутных, яна пашырыла іх веды пра лексікаграфічныя выданні ў галіне сельскай гаспадаркі. 
 
В. М. Курцова расказвае пра назвы неўрадлівай глебы ў беларускіх народных гаворках
 
Пра традыцыйныя беларускія народныя назвы, звязаныя з касьбой, расказаў прысутным Аляксей Друпаў, вядучы навуковы супрацоўнік навукова-экспазіцыйнага аддзела Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту. Яго выступленне спалучалася з дэманстрацыяй экспанатаў – касы і іншых сродкаў, што выкарыстоўвалі касцы ў час касьбы. 
На трэцяй частцы імпрэзы “Родныя словы: сельская гаспадарка” яе ўдзельнікі паказалі сябе як творчыя асобы. Яны чыталі вершаваныя і празаічныя творы з беларускай мастацкай літаратуры. 
На мерапрыемстве былі вызначаны пераможцы, якія атрымалі дыпломы і іншыя ўзнагароды. Аднак галоўным вынікам свята, прымеркаванага да Дня роднай мовы, стала іншае – прысутныя ўзнавілі свае веды па беларускай мове, паспрабавалі рашаць інтэлектуальныя мовазнаўчыя праблемы па-беларуску. Хочацца верыць, што сярод тых, хто быў удзельнікам мерапрыемства “Родныя словы: сельская гаспадарка”, знойдуцца асобы, што будуць карыстацца беларускай мовай не толькі ў Міжнародны дзень роднай мовы, а часцей, будуць пісаць свае навуковыя працы па-беларуску. 
 
В.М. Курцова

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы