Практыкум–майстар-клас “Славянамоўныя тэксты ў арабскаграфічным пісьменстве беларускіх татараў”

21 лютага прайшоў практыкум–майтар-клас “Славянамоўныя тэксты ў арабскаграфічным пісьменстве беларускіх татараў”, арганізаваны сектарам усходазнаўства Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.
Практыкум прайшоў на аснове семінара, які ладзіцца супрацоўнікамі сектара ўсходазнаўства з 2021 г. Удзельнікі практыкуму і прысутныя спрабавалі чытаць і характарызаваць графіку, лексіку і фанетыку фрагмента невядомага беларускататарскага рукапісу XVII ст.

 
 
Гэты фрагмент быў знойдзены падчас адной з навуковых экспедыцый у 2014 г. у рукапісе Карана ў жыхара г. Іўе Бекіра Радлінскага.
Фрагмент захаваўся ў пашкоджаным стане, але ўдзельнікі практыкуму спрабавалі расчытаць рукапіс. Важныя каментарыі дадавалі арганізатары практыкуму, вопытныя даследчыкі кітабаў – Тарэлка М.У., Сеўрук Д.Э. і Сынкова І.А. 
Характарыстыка фанетыкі, арфаграфіі, графікі, марфалогіі, сінтаксісу, лексікі аркуша дазваляе зрабіць выснову, што мова фрагмента знаходзіцца пад уплывам старабеларускай пісьмовай кірылічнай традыцыі.
На практыкуме прысутнічалі таксама аўтары і кіраўнікі праекта “Татарскія аколіцы” – рэжысёр-дакументаліст Кацярына Гусева і краязнаўца Канстанцін Дземідовіч, якія ў межах падрыхтоўкі свайго праекта даследуюць асноўныя праблемы культуры беларускіх татар.
Актыўна ўдзельнічаў у абмеркаванні тэарэтычных і практычных аспектаў, закранутых падчас практыкуму, Алег Дзярновіч, беларускі гісторык, спецыяліст па гісторыі і крыніцазнаўстве Вялікага Княства Літоўскага XIII—XVII стагоддзяў, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі Беларусі ІХ–XVIIІ ст. і археаграфіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, к.г.н., дацэнт. 
 
Таццяна Аліферчык

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы