21 лютага ў рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да Міжнароднага дня роднай мовы, у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь супрацоўнікамі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа была праведзена дыктоўка па беларускай мове. У напісанні дыктоўкі прынялі ўдзел слухачы спецыяльнасці “Дзяржаўнае кіраванне сацыяльнай сферай”.
З прывітальным словам да слухачоў звярнуўся дырэктар Інстытута мовазнаўства Ігар Капылоў, які адзначыў ролю дзяржавы ў вывучэнні, захаванні і папулярызацыі нацыянальнай мовы, а таксама акцэнтаваў увагу дзяржслужачых на неабходнасці валодання дзвюма дзяржаўнымі мовамі. Перад слухачамі выступіў аўтар тэксту дыктоўкі, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, паэт, публіцыст Навум Гальпяровіч. Тэкст дыктоўкі “Калыска беларускай дзяржаўнасці” прачытала старшы навуковы супрацоўнік Інстытута Вераніка Мандзік. Слухачы Акадэміі кіравання прадэманстравалі высокі ўзровень валодання нормамі беларускай літаратурнай мовы. Падчас падвядзення вынікаў слухачы, якія напісалі дыктоўку без памылак, былі ўзнагароджаны падарункамі – кнігамі і сувенірамі.