Інфармацыйныя тэхналогіі ў гісторыка-лінгвістычных даследаваннях

20 лютага супрацоўнікі аддзела гісторыі беларускай мовы Э.В. Ярмоленка і Д.С. Мацеша прынялі ўдзел у семінары “Інфармацыйныя тэхналогіі ў гісторыка-лінгвістычных даследаваннях. База даных “Альфа” як крыніца навучання нейрасеткі для распазнавання старабеларускіх тэкстаў” лабараторыі распазнавання і сінтэзу маўлення Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі.

Э.В. Ярмоленка выступіла з паведамленнем аб некаторых выніках і перспектыўных напрамках выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у вывучэнні, захаванні і перадачы пісьмовай спадчыны ў Беларусі і іншых краінах. Яна засяродзіла ўвагу на пытаннях стварэння паўнатэкставых баз даных, арыентаваных на патрэбы спецыялістаў у галіне старажытных славянскіх моў,  алічбоўкі картатэк гістарычных слоўнікаў, узнаўлення тэкстаў рукапісаў і старадрукаў, акрэсліла дзейнасць у гэтым кірунку адзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.

Д.С. Мацеша расказала аб вопыце стварэння OCR-мадэлі для распазнавання старажытных беларускіх тэкстаў з выявы. У яе дакладзе была абгрунтаваная актуальнасць задачы аптычнага распазнавання сімвалаў у кантэксце даследаванняў старабеларускай пісьмовай спадчыны. Дар’я Сяргееўна абазначыла плюсы і мінусы розных спосабаў перавядзення старажытных тэкстаў у друкаваны электронны фармат. Таксама ёю былі акрэслены перспектывы ў напрамку распрацоўкі лінгвістычнага корпуса старабеларускай мовы. 

 

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы