У Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа стала добрай традыцыяй святкаваць Міжнародны дзень роднай мовы разам са студэнтамі сталічных вышэйшых навучальных устаноў.
19 лютага 2025 г. у нашу ўстанову завіталі першакурснікі факультэта пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, факультэта тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, курсанты 1 курса факультэта падрыхтоўкі афіцэрскіх кадраў Інстытута пагранічнай службы, каб паказаць веданне роднай мовы і прыняць удзел у інтэлектуальным спаборніцтве “Мова роднай зямлі”.
Мерапрыемства адкрыў дырэктар Інстытута мовазнаўства Ігар Лявонавіч Капылоў, потым да прысутных звярнуліся загадчык кафедры беларускага і рускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Наталля Міхайлаўна Антановіч, дацэнт кафедры “Беларуская і руская мовы” Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Вольга Мікалаеўна Губская.
Інтэлектуальнае спаборніцтва пачалося з прадстаўлення ўдзельнікаў. У каманду “Натхненне” (БДПУ) увайшлі Ксенія Бондарава, Паліна Буйвід, Паліна Лук’яненка, Валерыя Новікава, Паліна Ходас; у каманду “Гонар і доблесць” (Інстытут пагранічнай службы) – Яўген Васілец, Раман Казлоўскі, Андрэй Макееў, Дзмітрый Фаманюк, Віялета Чэпля; Максім Глаз, Антон Лабаноўскі, Кірыл Мальцаў, Ганна Навета, Анастасія Ромаш – члены каманды “Песняры” (БНТУ). Студэнты і курсанты коратка расказалі пра сябе, а сваё шанаванне роднай мовы перадалі праз вершы беларускіх паэтаў і песні “Васільковае неба” (“Натхненне”), “Спадчына” (“Гонар і доблесць”), “Хата бацькоў” (“Песняры”), якія, дарэчы, падпявалі і групы падтрымкі кожнай каманды.
Конкурс знаўцаў беларускай мовы складаўся з пяці этапаў.
Падчас этапу 1 “Прыгадаем” удзельнікі павінны былі назваць прадмет або з’яву, адлюстраваныя на слайдах (напрыклад, авадзень, буслянка, мытня); падчас этапу 2 “Кемім” – з прапанаваных літар скласці слова (напрыклад, Беларусь, вандроўнік, заплечнік); падчас этапу 3 “Перакладаем” – перакласці словазлучэнні з рускай мовы на беларускую (напрыклад, в трех шагах от меня, видеть своими глазами, старше 18 лет); падчас этапу 4 “Тлумачым” – выбраць з трох значэнняў тое, якое адпавядае названаму слову (напрыклад, пісанкі – 1) лісты да каханай; 2) набор для пісьма; 3) дэкаратыўныя курыныя яйкі; казулька – 1) божая кароўка; 2) страказа; 3) конік); падчас этапу 5 “Ужываем” – раскрыць сэнс фразеалагізмаў (напрыклад, лісам падшыты, цяжкая артылерыя, хварэць на пана) і за дадатковыя балы падабраць да іх сінонімы. Удзельнікі паспяхова справіліся з заданнямі, для пошуку і абмеркавання адказаў на якія давалася 30 секунд. Перамогу атрымалі дзяўчаты з “Натхнення”, а “Гонар і доблесць” і “Песняры” набралі аднолькавую колькасць балаў і занялі другое месца.
Веданне нормаў роднай мовы прадэманстравалі і балельшчыкі, спецыяльна для якіх была праведзена віктарына.
За актыўны ўдзел у спаборніцтве “Натхненне”, “Гонар і доблесць” і “Песняры” атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў і салодкія прызы.
Сустрэча завяршылася песняй “Куточак Беларусі” ў выкананні студэнткі 1 курса факультэта пачатковай адукацыі БДПУ Вікторыі Набок і калектыўным фотаздымкам на добры ўспамін аб конкурсе.
Мерапрыемства прайшло на адным дыханні, у атмасферы пазітыву, узаемападтрымкі, весялосці і здаровай канкурэнцыі. Маладыя людзі праявілі кемлівасць, актыўнасць, творчыя здольнасці, ініцыятыўнасць, паказалі добрае валоданне роднай мовай і імкненне ўдасканальваць яе веданне, а таксама выказалі жаданне сустрэцца ў наступным годзе ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа на святкаванні Дня роднай мовы.
Хочацца падзякаваць Алене Мікалаеўне Путрыч і Паліне Сяргееўне Басалыга за распрацоўку заданняў і правядзенне спаборніцтва, Вераніцы Дзмітрыеўне Косцінай за фотаздымкі, Святлане Яўгенаўне Богуш, Святлане Уладзіміраўне Калядка і Эльвіры Валер’еўне Ярмоленка за адказную працу ў складзе журы.
Наталля Паляшчук
Фота Веранікі Косцінай
Больш фота гл.: https://veroni.wfolio.pro/disk/19-02-2025-intelektualnae-spabornitstva-mova-rodnay-zyamli-k8d364