На базе дзяржаўнай установы культуры «Астравецкая раённая бібліятэка» былі праведзены дыялогавыя пляцоўкі «Дзяржаўныя мовы Рэспублікі Беларусь», «Культура мовы – абавязак патрыёта» ў рамках мерапрыемстваў па рэалізацыі Канцэпцыі развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024–2026 гг. Мерапрыемства было арганізавана сектарам культуры Астравецкага райвыканкама (загадчык Баяровіч В.В.), Астравецкай раённай бібліятэкай (дырэктар Ачарэтава Н.У.) і Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Удзельнікамі дыялогавай пляцоўкі былі прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі раёна (бібліятэкары, музейныя супрацоўнікі, клубныя работнікі, настаўнікі, краязнаўцы), а таксама вучні школ г. Астраўца. Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капылоў расказаў пра сутнасць дзяржаўнага білінгвізму ў Беларусі, умовы функцыянавання дзяржаўных моў у сітуацыі білінгвізму, прававое рэгуляванне моўнай сферы ў нашай краіне на розных этапах яе гісторыі. Асобна Ігар Лявонавіч спыніўся на праблеме літаратурных нормаў, расказаў пра выпадкі парушэння акцэнталагічных, лексічных, граматычных і стылістычных нормаў.
Выступленне В.М. Курцовай было скіравана на дэманстрацыю вымагаюць лексічных багаццяў гаворак Астравеччыны і магчымасці іх выкарыстання не толькі ў будзённых зносінах, а і ў сітуацыях, якія ведаў літаратурнай мовы. У дакладзе «Рэгіянальна адметная лексіка гаворак Астравеччыны: маўленчы узус і нарматыўны статус» выступоўца засяродзілася на асобных пластах метэаралагічнай лексікі. У прыватнасці, заўважыла, што мясцовая назва абложнага дажджу, які называецца тут навальным, цалкам адметнае слова. Яго можна выкарыстоўваць не толькі як традыцыйнае дыялектнае, але і ўжываць у літаратурным маўленні, у сродках мас-медыя. Увядзенне ў актыўны ўжытак гэтай лексемы не пярэчыць крытэрыям, паводле якіх слова можа лічыцца нарматыўным. Не менш цікавым, на думку В.М. Курцовай, з’яўляецца і слова шаць, якім называюць на Астравеччыне іней. На сёння гэта слова не зафіксавана ні ў адным з нарматыўных слоўнікаў беларускай літаратурнай мовы. У дыялектных слоўніках яно падаецца ў лексікаграфічнай працы «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча». У творах пісьменства гэту лексему выкарыстоўваў Якуб Колас, аднак у значэнні грамада, хеўра, у паэзіі Янкі Купалы яно ўжыта аднойчы менавіта ў значэнні, суадносным са значэннем іней. Лексема шаць ‘іней’ поўная загадак. Магчыма, што слова сваім паходжаннем звязана з назвай шаты, якое ў беларускай літаратурнай мове, акрамя значэння ‘пышнае дарагое адзенне, мае пераноснае значэнне ‘покрыва; тое, што пакрывае, укрывае каго-н., што-н’. Лексема шаты ў сваю чаргу сэнсава і гукавым складам суадносіцца з найменнем шата і яго сваякамі — вытворнымі назвамі шаціна, шацінка, шатка, якія ўжываліся ў старабеларускай пісьмовай мове. Як слова ўзнікла, дакладна адказаць этымолагі не могуць. Паводле думкі адных даследчыкаў, яно лічыцца старым нямецкім запазычаннем. Але магчыма і іншае тлумачэнне паходжання гэтага слова, бо рускае шатина мае трывалыя семантычныя сувязі з адпаведнымі словамі ў мовах прыбалтыйска-фінскага арэала. Адным словам, беларуская астравецкая шаць — лексічная адзінка, якую можна аднесці да сапраўдных моўных рарытэтаў. Таму, як назва з багатай гісторыяй, яно заслугоўвае свайго шанавання і ўжытку нароўні з такімі сінонімамі лексемы іней, як шэрань і намаразь. Расказала даследчык і пра іншыя словы з групы метэаралагічнай лексікі, характэрнай для гаворак Астравеччыны, якія на картах «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» зафіксаваны як адзінкавыя ці займаюць абмежаваную тэрыторыю пашырэння. В.М. Курцова нагадала, што выкарыстоўваючы ў гаворцы свае мясцовыя адметныя словы, якія мы атрымалі ў спадчыну ад дзядоў, мы працягваем іх моўнае жыццё, не даём ім сплысці ў нябыт.
Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капылоў уручыў граматы Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў загадчыку сектара культуры Астравецкага райвыканкама Баяровіч Вользе Віктараўне і метадысту аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці дзяржаўнай установы культуры “Астравецкая раённая бібліятэка” Францкевіч Галіне Ігнатаўне за актыўную працу па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны раёна. У сваю чаргу вучоным-мовазнаўцам былі ўручаны падзячныя лісты сектара культуры Астравецкага райвыканкама за актыўны ўдзел у гуманітарна-асветніцкім выхаванні насельніцтва і асабісты ўклад у арганізацыю дыялогавай пляцоўкі.