Навуковая экспедыцыя па моўныя скарбы ў Рэчыцкі раён

З 12 па 18 чэрвеня праходзіла навуковая экспедыцыя супрацоўнікаў аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі  ў Рэчыцкі раён Гомельскай вобласці. У экспедыцыі ўдзельнічалі загадчык аддзела Вераніка Мікалаеўна Курцова, вядучыя навуковыя супрацоўнікі Любоў Пятроўна Кунцэвіч і Тамара Мікалаеўна Трухан, малодшыя навуковыя супрацоўнікі Ірына Уладзіміраўна Галуза і Юлія Леанідаўна Хвіланчук.

 

Навуковая вандроўка па народнае слова на паўднёвы бераг сярэднебеларускіх гаворак была невыпадковай: у аддзеле працягваецца праца па назапашванні матэрыялаў для перспектыўнага выдання “Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі. Усходняя зона”. Рэчыцкі раён  — дыялектны рэгіён, што ўваходзіць у склад беларускіх гаворак усходнезанальнага тыпу. Прыналежнасць мясцовых гаворак да гаворак усходнезанальнага тыпу тлумачыцца наяўнасцю ў іх лексічнай сістэме асобных слоў, якія замацаваліся ў дыялектнай мове пад уплывам рускай мовы. Па спадчынных дыялектных асаблівасцях гаворкі гэтага раёна належаць да сярэднебеларускіх. Рэчыцкі раён для дыялекталагічнага выезду навукоўцы выбралі і па іншых прычынах. Сёння ў мовазнаўчай навуцы існуе пільная патрэба зафіксаваць на электронныя носьбіты жывую беларускую гаворку для нашчадкаў. У перспектыве такія запісы стануць найкаштоўнейшым нацыянальна-культурным скарбам. Актыўныя працэсы руйнавання традыцыйнага сельскага побыту, неспрыяльная сітуацыя білінгвізму, калі пануючым сродкам зносін з’яўляецца руская мова, прыспешваюць працу па запісе традыцыйнай мясцовай гаворкі.

 

Дыялекталагічная экспедыцыя аказалася плённай па выніках і запамінальнай ад сустрэч з мясцовымі жыхаркамі вёсак Азершчына, Горваль, Калочын, Каравацічы, Маканавічы, Перавалока, Старына, Холмеч і інш. Зразумела, многае з гэтых мясцін вядома ў мовазнаўчай навуцы ці вывучана як фальклорна-этнаграфічная спадчына. Але кожны раз трапляецца нешта адметнае, першы раз асабіста пачутае. Так, у сучасным аграгарадку Каравацічы слых засяродзіўся на нетыповай пастаноўцы націску на некаторых агульнавядомых словах ці іх формах. Замест зналі тут гучала зналі, адзначаныя даўней моваведамі ў асобных вёсках раёна словы ў абліччы п’яць, м’ята, м’яса і да т.п. ужо ўжываліся нерэгулярна, але буў (быў), вугналі (выгналі), вумудры (вымудры), наадварот, вымаўляліся часта. У вёсцы Маканавічы ўразіў нас расказ пра тое, што на вяселлі галовы маладых прыхіляюць адна да аднае і валасы падсмальваюць. Каб каша бабкі-павітухі на хрэсьбінах паўтарыла форму гаршчка і засталася ў апавітцы (драцяной провалацы, якой абкручвалі гліняны гаршчок, каб даўжэй служыў), то, як расказалі ў вёсцы Перавалока, добра б было дадаць у яе крухмалу. За час працы ў вёсках раёна такіх змястоўных і інфармацыйна багатых запісаў аказалася нямала. Распісванне і апрацоўка занатаваных матэрыялаў дазволяць выявіць яшчэ не адзін адметны факт. Сустрэчы з людзьмі пераконваюць: народныя традыцыі і звычкі, увасобленыя родным словам, яшчэ жывуць у памяці ў народнай памяці. Аднак гэтыя тутэйшыя жыхары сталага ўзросту, сваіх непасрэдных пераемнікаў сярод вясковых людзей маладзейшага веку звычайна не маюць…

 

Пра ўсё, што нас цікавіла, з ахвотай апавядалі Лідзія Іванаўна Галавінская, Любоў Клімаўна Кавальчук, Вольга Міхайлаўна Ярац, Марыя Ціханаўна Жалезка, Мальвіна Тарасаўна Грыцэнка, Валянціна Рыгораўна Атаман і многія-многія іншыя нашы інфарматары. Дзякуй шаноўным жанчынам за нашу супольную працу і гатоўнасць расказаць, паказаць, пераканаць. Без іх актыўнага ўдзелу, без жадання дапамагчы, пайсці нам насустрач, зробленага не было б. 

Наша дыялекталагічная экспедыцыя ўдалася  не толькі дзякуючы шчырай дапамозе вяскоўцаў. Сустрэцца з імі мы змаглі, бо ўбачылі вялікую зацікаўленасць у падобнай працы раённага мясцовага кіраўніцтва — старшыні Віталія Сямёнавіча Панчанкі, яго намесніка Сяргея Барысавіча Яраца, загадчыка аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Святланы Генадзьеўны Краўчанка і галоўнага спецыяліста гэтага аддзела Анастасіі Юр’еўны Анціпавай. Гэта яна найперш рупілася пра нашы паездкі, арганізоўвала сустрэчы, прасіла загадчыкаў вясковых устаноў культуры дапамагчы, паспрыяць, аказаць падтрымку. Калі ёсць такое разуменне мясцовымі органамі ўладамі каштоўнасці народных традыцый, важнасці навуковай працы па яе апісанні, станоўчы вынік атрымаецца заўсёды.

В. М. Курцова

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы