Традыцыйна ў пачатку года пад эгідай камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама аддзел інтэлектуальнай творчасці Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі праводзіць конкурсы даследчых работ навучэнцаў старэйшых класаў па розных вучэбных дысцыплінах. На працягу некалькіх гадоў вучоныя Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа супрацоўнічаюць з арганізатарамі гэтых навуковых мерапрыемстваў, ацэньваючы работы школьнікаў па вучэбных прадметах “Руская мова”, “Беларуская мова” “Руская літаратура”, “Беларуская літаратура”.
З 17 па 21 студзеня 2022 года праходзіла XLI гарадская канферэнцыя навучэнцаў у дыстанцыйным фармаце ў праграме Zoom. У якасці членаў журы секцыі “Лінгвістыка” (па вучэбным прадмеце “Руская мова”) выступілі старшы навуковы супрацоўнік аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей кандыдат філалагічных навук Ванкевіч А. Г., старшы навуковы супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі кандыдат філалагічных навук Вагнер С. А.
На конкурс былі прадстаўлены 22 даследчыя работы па рускай мове, прысвечаныя актуальным пытанням функцыянавання сучасных лексічных запазычанняў, спецыфікі моўных сродкаў і сінтаксіса мастацкіх тэкстаў, аказіянальнага словаўтварэння, асаблівасцей нацыянальнага анамастыкона, эфектыўнасці камунікацыі і інш. Аналіз зместу конкурсных работ, ацэнка іх навуковай і практычнай значнасці, тэарэтычнай абгрунтаванасці, самастойнасці выканання і арыгінальнасці падачы матэрыялу дазваляюць канстатаваць зацікаўленасць старшакласнікаў сучаснымі моўнымі працэсамі, валоданне навыкамі навукова-даследчай дзейнасці, нацэленасць на прыкладны характар вынікаў работы.