Традыцыйна на пачатку студзеня прайшоў трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” за 2023/2024 навучальны год.
У журы алімпіяды акрамя настаўнікаў школ і выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў г. Мінска ўваходзілі і супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (філіял “Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа”) – вядучы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснай беларускай мовы кандыдат філалагічных навук Вікторыя Іванаўна Уласевіч і вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы кандыдат філалагічных навук Эльвіра Валер’еўна Ярмоленка.
Першым конкурсным заданнем для алімпіяднікаў стала напісанне водгуку на мастацкі твор. Па ўласных назіраннях заўважым, што гэта даволі складанае заданне для ўдзельнікаў. Як ні дзіўна, у першую чаргу складанае тым, што яны павінны зразумець і вызначыць тэму, ідэю і праблематыку твора, выявіць аўтарскую пазіцыю. Гэта першая праблема, вырашэнне якой уяўляе цяжкасць для многіх удзельнікаў. Акрамя таго, вучні мусяць прадэманстраваць веданне беларускай і сусветнай літаратуры: прыводзіць паралелі з іншых твораў, спасылацца на розных аўтараў, выкарыстоўваць ілюстрацыйны матэрыял, выказаць і абгрунтаваць уласныя высновы. На жаль, нямногія добра спраўляюцца з гэтым заданнем. Як правіла, няма праблем з вызначэннем вобразных і выяўленчых сродкаў твора, яго сюжэта і кампазіцыі. Асабліва ўражвае пісьменнасць удзельнікаў. Моўных памылак розных узроўняў не так і шмат, большасць з іх граматычныя. А вось маўленчыя памылкі (лексічныя, сінтаксічныя, стылістычныя) у такіх работах – частая з’ява.
На другі дзень выпрабаванняў праводзілася комплексная пісьмовая работа па беларускай мове і літаратуры. З ёй удзельнікі алімпіяды справіліся нядрэнна, і многія паказалі лепшыя вынікі, чым падчас напісання водгуку. Заданні былі скіраваны на выяўленне ведаў па ўсіх моўных узроўнях: былі тут пытанні па фанетыцы (транскрыбіраванне), лексікалогіі і фразеалогіі (выяўленне значэнняў слоў, складанне фразеалагізмаў), словаўтварэнні і інш. Удзельнікі павінны былі прадэманстраваць веданне беларускай мовы праз пераклад тэкстаў з рускай мовы на беларускую, выяўленне ў прапанаваных сказах маўленчых памылак. Асобныя заданні тычыліся праверкі літаратуразнаўчых ведаў навучэнцаў.
Пры праверцы комплекснага заданне журы было задаволена высокім узроўнем падрыхтоўкі алімпіяднікаў і часам прыемна ўражана неардынарным падыходам некаторых удзельнікаў да выканання асобных заданняў (напрыклад, пры вызначэнні зменнай часткі слова). Але было заданне, з якім поўнасцю не справіўся ніводны вучань. У адзінаццатым класе алімпіяднікам прапанавалі ўтварыць адносныя прыметнікі ад назваў населеных пунктаў Копысь, Гарадок, Мядзел, Радунь, Круглае, Высокае, Ганцавічы, Азярцы, Наваельня, Бягомль, Корнадзь, Бердаўка, што стала для іх вельмі цяжкай задачай.
У дні алімпіяды нам давялося не толькі ацэньваць работы яе ўдзельнікаў, але і кансультаваць іншых членаў журы па розных лінгвістычных пытаннях, якія ўзнікалі падчас праверкі работ, папулярызаваць дзейнасць Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і знаёміць з кніжнымі навінкамі, падрыхтаванымі вучонымі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.
Э.В. Ярмоленка, В.І. Уласевіч