«Вялікі пясняр беларускага народа Якуб Колас – адзін са стваральнікаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы» (Прэс-рэліз)

29 верасня  2022 г. у 10-00

Дзяржаўная навуковая ўстанова «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі»

адбудзецца Рэспубліканская навуковая канферэнцыя «Вялікі пясняр беларускага народа Якуб Колас – адзін са стваральнікаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы»

 

Якуб Колас (сапр. Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч) па праву займае адно з найбольш пачэсных месцаў у сузор’і славутых імёнаў, якімі ганарыцца беларускі народ. Сваімі творамі пісьменнік унёс неацэнны ўклад у духоўную культуру народа, актыўна садзейнічаў станаўленню нацыянальнай свядомасці беларусаў, выхаванню патрыятызму, пачуцця гонару за сваю Бацькаўшчыну, любові да роднай прыроды, да людзей працы. Колас з’яўляецца адным з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і беларускай літаратурнай мовы. Вытокі Коласавай мовы – у жывой народнай гаворцы, у вуснай творчасці, у крыніцах мастацкай літаратуры беларускага і іншых славянскіх народаў.

У друку дэбютаваў вершам “Наш родны край”, напісаным па-беларуску (14 верасня 1906 г. газета “Наша доля”). Першы зборнік вершаў “Песні жальбы” выйшаў у 1910 г. у Вільні, затым – кнігі прозы “Апавяданні” (1912), “Родныя з’явы” (1914). У Пецярбургу ў 1913 г. асобнымі выданнямі выйшлі “Тоўстае палена” і “Нёманай дар”.

Мастацка-пазнавальныя падручнікі Якуба Коласа адукацыйнай і педагагічнай скіраванасці – “Другое чытанне для дзяцей беларусаў”, “Методыка роднае мовы” – гэта першыя практычныя крокі ў пашырэнні выкарыстання сучаснай літаратурнай мовы. Вялікую ролю ў прыгожым нацыянальным пісьменстве адыгралі напісаныя майстрам у розныя гады “Казкі жыцця”, якія наглядна прадэманстравалі выключную змястоўнасць невялікіх празаічных форм, дзе дамінуе казачна-сімвалічная вобразнасць. Дзве роўнавялікія паэтычныя вяршыні “Новая зямля” і “Сымон-музыка” –  паэмы, якія ўпрыгожваюць нацыянальны літаратурны алімп і ў нашы дні. Новы этап мастацкага даследавання жыцця беларускага народа, нацыянальнай інтэлігенцыі напярэдадні і ў гады вялікіх сацыяльных зрухаў засведчаны Якубам Коласам у буйных празаічных творах “На прасторах жыцця”, “У глыбі Палесся”, “Дрыгва”, “На ростанях”.

Якуб Колас лічыў неабходным клопатам пісьменніка папаўненне моўных запасаў, выкарыстанне лексічнага і фразеалагічнага багацця, якое “з поспехам ужываецца ў народзе”. Пры гэтым важную ролю ён адводзіў сродкам кніжнай мовы. “Мы павінны мець мову прыгожую, гучную, простую, але гнуткую і выразную” – гэта ўжо аўтарская канцэпцыя бачання літаратурнай мовы. Ствараючы панараму жыцця народа, даючы трапныя характарыстыкі персанажам, малюючы выразныя вобразы беларускага краю, роднай прыроды, пісьменнік па-майстэрску выкарыстоўвае рэсурсы выяўленчых сродкаў, назапашаных  літаратурай.

Пераклаў на беларускую мову паэмы “Палтава” А. Пушкіна, паасобныя творы Т. Шаўчэнкі, П. Тычыны, А. Міцкевіча, Р. Тагора.

Літаратурная творчасць, навуковая і грамадская дзейнасць Якуба Коласа адыгралі вялікую ролю ў развіцці і ўзбагачэнні беларускай мовы. Некалькіх гадоў ён узначальваў арфаграфічную камісію па стварэнні і ўдасканаленні новага зводу правіл “Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” (1957 г.)  узамен “Правапісу беларускай мовы”, выдадзенага ў 1934 г. Якуб Колас быў адным з рэдактараў “Русско-белорусского словаря” (1953 г.).

Якуб Колас з’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР (1946) за вершы ваеннага часу, Дзяржаўнай прэміі СССР (1949) за паэму “Рыбакова хата”.

У бліжэйшыя гады асноўная дзейнасць супрацоўнікаў аддзела сучаснай беларускай мовы будзе скіравана на лексікаграфічнае даследаванне моўнага багацця пісьмовай спадчыны Якуба Коласа. Навукова-даследчай базай служыць электронны каталог найбольш поўнага выдання: Якуб Колас. Збор твораў. У 20 т. Т. 1 – 20. – Мінск: Беларуская навука, 2007– 2012. Па выніках даследавання плануецца падрыхтаваць «Слоўнік мовы Якуба Коласа: У 5 т.». Паводле задач і прызначэння гэта будзе лінгвістычны слоўнік асаблівага тыпу, асноўная мэта якога – зафіксаваць кожнае коласаўскае слова, паказаць, як часта яно ўжываецца ў тэкстах, вызначыць па магчымасці яго семантычны аб’ём, падаць характэрныя выпадкі выкарыстання лексем і раскрыць іх функцыі ў мове пісьменніка, змясціць усе формы кожнай лексічнай адзінкі, а таксама праілюстраваць іх тыповымі прыкладамі-цытатамі з аўтарскіх твораў. Для аптымізацыі працы прыменены сучасныя магчымасці камп’ютарнай апрацоўкі лексічнага матэрыялу.

Вырашэнню ўказанай задачы паспрыяе правядзенне Мiжнароднай навуковай канферэнцыі «Вялікі пясняр беларускага народа Якуб Колас – адзін з заснавальнікаў беларускай літаратурнай мовы» з удзелам вядучых спецыялістаў у галіне граматыкі і сінтаксісу.

Запрашаем усіх жадаючых у Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі: вул. Сурганава, 1, корпус 2, п. 302.

 

 

Кантакты: Русак Валянціна Паўлаўна: +375 29 120 97 40.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы