28 мая 2024 г. у 11.00 у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры адбудзецца круглы стол “Акадэмічная лексікалогія і лексікаграфія: набыткі і перспектывы”, прысвечаны 40-годдзю выхаду “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы” (1977–1984).
“Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” ў 5 тамах, 6 кнігах, створаны ў Інстытуце мовазнаўства пад рэдакцыяй К.К. Атраховіча (Кандрата Крапівы), адыграў важную ролю ў развіцці нацыянальнага мовазнаўства. У ім зафіксавана больш за 105 тысяч лексічных адзінак, тэрміналагічных і фразеалагічных словазлучэнняў. Сёння слоўнік з’яўляецца адным з выданняў, якое максімальна поўна апісвае лексіку сучаснай беларускай мовы і служыць універсальным даведнікам па семантыцы слоў, граматыцы, стылістыцы, фразеалогіі і нарматыўным ужыванні лексічнага складу мовы.
Падчас круглага стала плануецца абмеркаваць ролю “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы” ў развіцці айчыннай лексікаграфіі і мовазнаўчай навукі ў цэлым, адзначыць асаблівасці вывучэння лексіка-семантычнай сістэмы і слоўнікавага складу сучаснай беларускай мовы, акцэнтаваць увагу на праблемах сучаснай беларускай лексікалогіі і лексікаграфіі. Таксама ў рамках круглага стала плануецца абмеркаваць навуковую дзейнасць А. Я. Баханькова і яго ролю ў развіцці акадэмічнай лексікалогіі і лексікаграфіі (прымеркавана да 100-годдзя з дня нараджэння А.Я. Баханькова).
Круглы стол адбудзецца 28 мая 2024 г. у 11.00 у 302 п. па адрасе: вул. Сурганава 1, корп. 2.
Запрашаем калег і ўсіх зацікаўленых!