Прэзентацыя выдання “Тафсіры, кітабы і хамаілы з прыватных кнігазбораў Беларусі: каталог”

3 верасня ў 14.00 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбудзецца прэзентацыя выдання “Тафсіры, кітабы і хамаілы з прыватных кнігазбораў Беларусі: каталог” (Мінск: Беларуская навука, 2020), прысвечаная Тыдню мастацкага слова ў НАН Беларусі.

Кніга, якая выйшла ў выдавецтве “Беларуская навука” ў 2020 годзе, падрыхтавана ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адным з вядучых спецыялістаў у галіне даследавання пісьменства і культуры беларускіх татар, старшым навуковым супрацоўнікам аддзела славістыкі і тэорыі мовы, кандыдатам філалагічных навук, Міхаілам Тарэлкам.

Рукапісы беларускіх татараў, што складаліся на працягу ХVІІ – ХХ стст., з’яўляюцца ўнікальным складнікам культурнай спадчыны Беларусі. Будучы шматмоўнымі, а гэтыя кнігі змяшчаюць тэксты на арабскай, цюркскіх, беларускай і польскай мовах, яны, тым не менш, рэдка траплялі ў поле зроку айчынных даследчыкаў-арыенталістаў, славістаў (беларусістаў і паланістаў), культуролагаў і рэлігіязнаўцаў. Сістэмна вывучаліся спісы, якія знаходзяцца ў дзяржаўных кнігасховішчах Беларусі і іншых сумежных краін. Яны былі апісаны ў 2011 і 2015 гг. у першым і другім выпусках Каталога. Але немалая частка рукапісаў застаецца зараз у прыватных зборах. Падчас навуковых экспедыцый 2010–2018 гг. былі выяўлены звыш двухсот беларуска-татарскіх рукапісаў XVII–XXI стст., што знаходзяцца ў прыватным уладанні на тэрыторыі Беларусі. Былі зроблены іх электронныя копіі, на падставе якіх у дадзеным выпуску апісваюцца дваццаць восем найбольш каштоўных дакументаў: два тафсіры, пятнаццаць кітабаў, дзесяць хамаілаў і рукапіс пад умоўнай назвай «Асновы веры». Усе гэтыя кнігі з’яўляюцца цікавымі помнікамі гісторыі, культуры і пісьменства нашай краіны, служаць найлепшым узорам шматвекавога мірнага суіснававання ў Беларусі розных веравызнанняў, этнасаў і моў.

 

Запрашаем усіх жадаючых у інфармацыйна-выставачны цэнтр ЦНБ НАН Беларусі: вул. Сурганава, 15, першы паверх, п. 110

Кантакты: Гаранін Сяргей Лявонцьевіч: 8017 2842718

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы