19 снежня 2024 года ў Талачыне адбыўся круглы стол, прысвечаны стагоддзю з дня нараджэння Аркадзя Іосіфавіча Жураўскага, вядомага моваведа, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара філалагічных навук, прафесара, заслужанага дзеяча навукі БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Яго арганізатарамі выступілі Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Талачынскі раённы выканаўчы камітэт.
Правядзенне названага мерапрыемства было накіравана на пашырэнне ведаў жыхароў Талачына аб малой Радзіме, яе гісторыі і знакамітых земляках, аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі рэгіёна, папулярызацыю навуковых дасягненняў беларускіх вучоных-гуманітарыяў і пашырэнне супрацоўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з мясцовымі органамі кіравання.
У Цэнтральнай раённай бібліятэцы, якая была абрана месцам правядзення круглага стала, сабраліся вучні і настаўнікі сярэдніх школ Талачына, супрацоўнікі бібліятэкі і Талачынскага гісторыка-краязнаўчага музея; Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа прадстаўлялі дырэктар Ігар Лявонавіч Капылоў, загадчык аддзела сучаснай беларускай мовы Валянціна Паўлаўна Русак, загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы Наталля Вікенцьеўна Паляшчук, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы Эльвіра Валер’еўна Ярмоленка.
Перад пачаткам мерапрыемства з вітальнымі словамі выступілі намеснік старшыні Талачынскага райвыканкама Алена Эрнстаўна Бомберава і дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Лявонавіч Капылоў, якія адзначылі важнасць ушанавання памяці знакамітых землякоў. Таксама Ігар Лявонавіч уручыў выданні, падрыхтаваныя акадэмічнымі вучонымі: начальніку аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Талачынскага райвыканкама Наталлі Рыгораўне Курпан – зборнік “Талачынскі край: гісторыка-культурная спадчына рэгіёна” (2024), дырэктару СШ № 1 г. Талачына Аляксандру Ігаравічу Маленціновічу – “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” (2022), “Слоўнік беларускай мовы” (2024), манаграфію А.І. Жураўскага “Гісторыя беларускай літаратурнай мовы” (2024), гэту ж кнігу падарылі таксама дырэктару Цэнтральнай раённай бібліятэкі Свіркоўскай Таццяне Мікалаеўне.
Мадэратарам працы круглага стала выступіла настаўніца беларускай мовы СШ № 2 г. Талачына Сняжана Генадзьеўна Гвоздзева.
Першае слова для выступлення было дадзена Н. В. Паляшчук. У сваім дакладзе “Ад Янава да Талачына: жыццёвы лёс А.І. Жураўскага” Наталля Вікенцьеўна расказала прысутным аб асноўных этапах жыцця Аркадзя Іосіфавіча, аб яго родных, удзеле ў Вялікай Айчыннай вайне як партызана брыгады М.П. Гудкова, вучобе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, а таксама працы над фундаментальным “Гістарычным слоўнікам беларускай мовы” і манаграфіяй “Гісторыі беларускай мовы”.
І.Л. Капылоў у выступленні “А.І. Жураўскі: шматграннасць асобы” засяродзіў ўвагу на асобе Аркадзя Іосіфавіча як дырэктара Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, арганізатара беларускай мовазнаўчай навукі, заснавальніка і кіраўніка айчыннай гісторыка-лінгвістычнай школы, пазнаёміў прысутных з навуковымі напрамкамі даследчай дзейнасці ў інстытуце і іх вынікамі. Ігар Лявонавіч прапанаваў разгледзець пытанне аб магчымасці ўстанаўлення на будынку сярэдняй школы № 1 мемарыяльнай дошкі ў гонар А.І. Жураўскага.
В.П. Русак у дакладзе “А.І. Жураўскі і акадэмічнае мовазнаўства” распавяла аб гадах сумеснай працы з Аркадзем Іосіфавічам, яго педагагічнай і грамадскай дзейнасці, тэматыцы яго навуковых прац, у пераважнай большасці якіх разглядаліся пытанні гісторыі беларускай мовы. Таксама Валянціна Паўлаўна адзначыла ўменне прафесара Жураўскага бачыць і выяўляць перспектыўных маладых даследчыкаў і яго садзейнічанне іх прафесійнаму росту.
Э.В. Ярмоленка сваё выступленне “Навуковыя прыярытэты А.І. Жураўскага” прысвяціла агляду навуковай спадчыны вучонага, пералічыла кірункі яго гісторыка-лінгвістычных работ (вывучэнне міжмоўных кантактаў, лексічнага складу старабеларускай мовы, мовы асобных помнікаў і інш.), спынілася на ролі Аркадзя Іосіфавіча ў даследаванні мовы выданняў Францыска Скарыны і аналізе яго асветніцкай дзейнасці ў цэлым.
Кожнае з названых паведамленняў было прасякнута вялікай павагай да Аркадзя Іосіфавіча Жураўскага, былога калегі і настаўніка, як да чалавека, адданага абранай прафесіі, чалавека энцыклапедычных ведаў, уважлівага да супрацоўнікаў інстытута, працавітага, адказнага, прынцыповага.
Вучаніца СШ № 1 г. Талачына Юлія Трыбендзіс прыгадала некаторыя факты з біяграфіі і навуковай працы свайго знакамітага земляка, дзесяцікласніца СШ № 2 Вікторыя Палубінская выказала меркаванне аб магчымасці падрыхтоўкі навуковай працы па гісторыі беларускай мовы для будучага конкурсу вучнёўскіх даследчых праектаў.
Дырэктар Талачынскага гісторыка-краязнаўчага музея Ірына Мікалаеўна Пікулік распавяла аб гісторыі вёсак Янава і Няклюдава, дзе нарадзіўся і атрымліваў адукацыю Аркадзь Іосіфавіч, падрабязна спынілася на падзеях Вялікай Айчыннай вайны ў Талачынскім раёне, расказала аб дзеяннях партызанскай брыгады М.П. Гудкова па набліжэнні перамогі над ворагам.
Мерапрыемства прайшло ў добразычлівай, душэўнай і сяброўскай атмасферы. Адчувалася цікавасць прысутных да тэматыкі выступленняў, гонар за знакамітага земляка – Аркадзя Іосіфавіча Жураўскага і ўпэўненасць, што і далей памяць пра яго будзе захоўвацца на Талачыншчыне і перадавацца яе будучым жыхарам.
У заключэнне яшчэ раз хочацца выказаць словы падзякі за высокі ўзровень арганізацыі мерапрыемства Талачынскаму раённаму выканаўчаму камітэту і асабіста начальніку аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Талачынскага райвыканкама Наталлі Рыгораўне Курпан.
Наталля Паляшчук, Эльвіра Ярмоленка