Трэці этап XXXVII Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” завершаны

12–15 студзеня 2021 года ў ДУА “Гімназія № 14” г. Мінска праходзіў трэці этап XXXVII Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”. У якасці журы ўжо па традыцыі ў ёй прынялі ўдзел супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. У гэтым годзе гэта былі Н.Ю. Перавалава (старшы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы), В.І. Уласевіч (вядучы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснай беларускай мовы), Э.В. Ярмоленка (вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы). У абавязкі членаў журы ўваходзіла праверка пісьмовых работ і выстаўленне балаў згодна з крытэрыямі ацэнкі, распрацаванымі складальнікамі заданняў, а таксама кансультацыі ўдзельнікаў алімпіяды па дапушчаных памылках.

Працаваць давялося ў цёплай, сяброўскай атмасферы побач з настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры мінскіх школ і гімназій, а таксама выкладчыкамі розных вну г. Мінска.

Алімпіядныя заданні сапраўды аказаліся няпростымі. У першы дзень праводзіўся конкурс “Водгук на мастацкі твор”. Вучням былі прапанаваны вершы Уладзіміра Караткевіча: “Калі пажар гуляе па страсе…” (9 клас), “Цвыркун і праблема чыстага мастацтва” (11 клас) і артыкул Змітрака Бядулі “Чакайце сваіх” (10 клас). Юнакі і дзяўчаты павінны былі не толькі вызначыць тэму і ідэю твора, асвятліць аўтарскую пазіцыю, але і абгрунтаваць яго ўласнае прачытанне, прадэманстраваць свой чытацкі вопыт, вызначыць асаблівасці кампазіцыі, сюжэтных ліній, сістэмы вобразаў, ахарактарызаваць фармальныя паказчыкі арганізацыі вершаванага твора (памер, рыфму, рытм і інш.). Ацэньвалася, вядома, і моўнае і кампазіцыйнае афармленне водгуку, пісьменнасць яго аўтара.

На другі дзень вучні выконвалі комплексную работу па беларускай мове і літаратуры, якая дазволіла ім прадэманстраваць узровень падрыхтоўкі па названых прадметах. У прыватнасці, заданні па беларускай мове далі магчымасць членам журы ацаніць веды вучняў па фанетыцы, арфаграфіі, марфалогіі, словаўтварэнні, лексікалогіі, фразеалогіі, стылістыцы, сінтаксісе і пунктуацыі беларускай мовы; заданні па беларускай літаратуры дапамаглі выявіць веданне беларускіх аўтараў і іх твораў алімпіяднікамі, ступень развіцця іх чытацкіх і моўных уменняў, тэарэтыка-літаратурныя веды.  

Шчыра скажам, мы былі прыемна ўражаныя ўзроўнем падрыхтоўкі вучняў, іх валоданнем беларускім словам, уменнем дакладна і лагічна выказваць свае думкі.

Гэта быў карысны вопыт.

Спадзяёмся, што ўжо вясной на падрыхтоўчых курсах зноў сустрэнемся з юнакамі і дзяўчатамі, якія ў наступным годзе будуць прымаць удзел у XXXVIII алімпіядзе па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”.

Н.В. Перавалава, Э.В. Ярмоленка

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы