Адзін са шляхоў вырашэння складанага пытання захавання мовы — гэта яе прэстыж сярод моладзі і прысутнасць у інтэрнэт-прасторы. Такую думку выказаў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Ігар Капылоў на прэзентацыі кнігі Update у Доме прэсы.
— Свята роднай мовы з’явілася 21 год таму па ініцыятыве ЮНЭСКА, каб прыцягнуць увагу да моўнай разнастайнасці ў свеце і тых праблем, якія існуюць з захаваннем моў. Толькі за ХХ стагоддзе з лінгвістычнай карты свету знікла больш за 600 моў. На жаль, да сярэдзіны ХХІ стагоддзя прагназуюць знікненне яшчэ 50% моў, якія сёння існуюць. Таму перад многімі народамі стаіць вострая праблема захавання сваіх моў, — паведаміў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.
Ігар Капылоў адзначыў, што не так даўно быў на міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай захаванню моўнай разнастайнасці. Якраз там абмяркоўваліся спосабы зберагчы мовы ад вымірання.
— Адзін са шляхоў вырашэння складанага пытання захавання камунікатыўнай функцыі мовы — гэта прэстыж мовы сярод моладзі і яе прысутнасць ў інтэрнэт-прасторы. Беларуская мова прайшла няпросты шлях, але дзякуючы сувязі паміж пакаленнямі яна захавалася да сённяшняга дня. А менавіта дзякуючы мове мы можам пазіцыянаваць сябе як нацыя.
Ён звярнуў увагу, што каб беларуская мова заставалася папулярнай сярод моладзі, трэба цікавіцца ёю ўсё жыццё:
— Каб у моладзі была матывацыя размаўляць па-беларуску, не павінна ўсё заканчвацца школай і цэнтралізаваным тэсціраваннем. Трэба, каб быў працяг і каб той, хто здаваў ЦТ па беларускай мове, меў магчымасць працягваць адукацыю менавіта на ёй.
Сваім меркаваннем наконт папулярызацыі мовы сярод дзяцей і падлеткаў падзялілася і беларуская пісьменніца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Зоя Падліпская:
— Вельмі важна таксама, каб выхаванне гэтай любові да роднай мовы ішло з сям’і. Зразумела, што ў нас шматлікія сем’і рускамоўныя. Але хацелася б звярнуць увагу бацькоў, што вельмі важна паказаць дзецям усю прыгажосць беларускай мовы. Калі не самім, то праз цікавыя мастацкія творы, падручнікі і з дапамогай настаўнікаў.