21 лютага 2022 года ў рамках дамовы аб супрацоўніцтве паміж Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і ДУА “Гімназія № 25 г. Мінска” адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Міжнароднаму дню роднай мовы “Нам засталася спадчына…”, у якім прынялі ўдзел загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы Н.В.Паляшчук і загадчык аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей І.У. Ялынцава. Яны расказалі вучням пра навуковыя напрамкі дзейнасці Інстытута.
У сваю чаргу 22 лютага 2022 года вучні гэтай навучальнай установы сталі гасцямі нашага Інстытута: для іх была арганізавана інфармацыйна-пазнавальная гадзіна “Па старонках выданняў для школы”. Вучні пазнаёміліся з лексікаграфічнымі і вучэбна-метадычнымі працамі для школы, аўтарамі (ці суаўтарамі) якіх з’яўляюцца супрацоўнікі аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. Мэтай дадзенага мерапрыемства было паказаць важнасць дадзеных выданняў у забеспячэнні патрэб школьнага навучання і сучаснай моўнай практыкі, а таксама ў справе павышэння культуры мовы падрастаючага пакалення ва ўмовах блізкароднаснага білінгвізму.
Вучням быў прадэманстраваны цэлы шэраг лексікаграфічных выданняў, а таксама даведнікаў па беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, адрасаваных школьнікам 2-й ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Сярод іх арфаграфічныя слоўнікі, перакладныя беларуска-рускія і руска-беларускія слоўнікі, слоўнікі спецыяльнага прызначэння (словаўтваральныя, марфемныя, марфемна-словаўтваральныя).
Пасля прэзентацыі вучні наведалі археалагічную навукова-музейную экспазіцыю пры Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, дзе пазнаёміліся з гісторыяй станаўлення археалагічнай навукі ў Беларусі ад часу яе ўзнікнення і да сённяшніх дзён.
І.У. Ялынцава