18 лютага ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа ў рамках адкрытых камунікацый “Тыдзень роднай мовы” адбылася прэзентацыя кнігі “Лексiчны атлас беларускiх народных гаворак. Аналітычныя і даведачна-інфармацыйныя матэрыялы”.
В.М. Курцова
Кніга ўбачыла свет у выдавецтве “Беларуская навука” ў кастрычніку 2024 г.
Працу падрыхтавала В.М. Курцова, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры.
Імпрэзу распачаў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Лявонавіч Капылоў.
Выступае І.Л. Капылоў
Пра асаблівасці выдання расказала прысутным яго аўтар і ўкладальнік Вераніка Мікалаеўна Курцова, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.
Выступоўца адзначыла, што кніга прысвечана асэнсаванню важнасці “Лексiчнага атласа беларускiх народных гаворак: у 5 тамах” (ЛАБНГ) для нацыянальнай акадэмічнай навукі. ЛАБНГ стаў унікальным набыткам у навуковай і культурнай спадчыне беларускага народа, велічным помнікам яго развіцця, увасобленым у слове.
Аўтар распавяла пра структуру публікацыі, адзначыла, што “Лексiчны атлас беларускiх народных гаворак. Аналітычныя і даведачна-інфармацыйныя матэрыялы” з’яўляецца комплекснай навуковай працай, у кнізе інтэрпрэтацыйныя матэрыялы пра асаблівасці розных лінгвагеаграфічных карт спалучаюцца з даведачнай інфармацыя, якая з’яўляецца абавязковай для такога тыпу даследчай працы, якім з’яўляецца лінгвагеаграфічны атлас. Гэта даследаванне, у якім таксама расказваецца пра гісторыю стварэння Атласа, распрацоўку метадычнага забеспячэння, пра працу над яго канцэпцыяй, пра моваведаў, якія сталі лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусі.
Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь
Характарыстыка розных тыпаў карт, як паведаміла В. М. Курцова, паказала, што многім з іх уласціва варыятыўнасць, што сведчыць пра дынамізм у развіцці лексічнай сістэмы беларускіх народных гаворак. Адзначыла аўтар і такую адметную рысу праналізаваных акцэнталагічных карт: у сучасных гаворках паўночна-заходняга моўнага памежжа для розных іменных груп слоў досыць часта націск мае месца на канчатку. Гэтай асаблівасцю яны вылучаюцца сярод іншых беларускіх гаворак. Назвы многіх лексічных карт могуць быць уведзены ў літаратурны ўжытак, бо маюць вялікі выбар сінонімаў. Напрыклад, для назвы жанчыны, якая любіць хадзіць па сяле (том 3, карта № 34) у гаворках ужываецца некалькі дзясяткаў слоў: пасялуха, пасялушніца, пасяльнічая, пасялень, пасялында, пасялда, пасяляйка, пасялушка, посел, пахатніца, хатніца, пахатуха, пахадзяка, пахадыня, пахаджайка, пахадушчая (пахадушча), пахадэнька, пахадзюнка, пахадзюха (пахадуха), бадзяка, бадзіня, зґрайня, лахна, лахта, ланда, павадзюшчая (павадзюшча), паляндэра, палятайка і інш. Наогул багаццем і разнастайнасцю назваў вылучаюцца ў Атласе вельмі многія карты.
“Лексічны атлас беларускіх народных гаворак. Аналітычныя і інфармацыйна-даведачныя матэрыялы” – гэта досыць аб’ёмная кніга, яе падрыхтоўкай да друку займалася рэдактар Ірына Анатольеўна Старасціна. Яна расказала прысутным пра складанасці працы над выданнем.
Выступае І.А. Старасціна
З віншавальным словам выступіла на прэзентацыі вядучы навуковы супрацоўнік аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Любоў Пятроўна Кунцэвіч. Яна распавяла, як узнікла ідэя стварэння кніга, як ішла праца над ёй.
Выступае Л.П. Кунцэвіч
Пра важнасць і запатрабаванасць выдання ў працэсе навучання расказала слухачам Наталля Уладзіміраўна Чарнаброўкіна, дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства філалагічнага факультэта БДУ. Яна паведаміла, што ўжо цяпер кніга рэгулярна выкарыстоўваецца на занятках дыялекталогіі.
І гэта вельмі вельмі важнае яе прызначэнне, самае, відаць, галоўнае для аўтара.
Выступае Н.У. Чарнабрыўкіна
У час прэзентацыі