Серыя “Фальклорныя скарбы Беларусі”

20 лютага 2025 г. у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы ў рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня роднай мовы, адбылася прэзентацыя выданняў серыі “Фальклорныя скарбы Беларусі”.

Аўтар ідэі серыі – старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік У.Р. Гусакоў. Выданні падрыхтаваны на матэрыялах фальклорных экспедыцый супрацоўнікаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кіраўніком праекта з’яўляецца загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Таццяна Валодзіна.

Першая кніга серыі – “Адкуль праўда і крыўда: беларускія народныя легенды і былічкі”. Гэтае выданне падчас прэзентацыі прадставіла адзін з укладальнікаў – Алена Боганева, загадчык сектара этналінгвістыкі і фальклору.

У выданне ўключаны легенды і былічкі як асаблівая форма назапашання, захавання і перадачы традыцыйных ведаў аб прыродзе, грамадстве і чалавеку. Пераклад тэкстаў на англійскую мову ажыццёўлены Нінай Сянкевіч, навуковым супрацоўнікам аддзела славістыкі і тэорыі мовы.

Другі альбом серыі, які быў прадстаўлены на прэзентацыі, – “Добрая прыказка як да мяшка прывязка: беларускія народныя прыказкі з рускімі і англійскімі адпаведнікамі”, падрыхтаваны Вольгай Корсак і Зьміцерам Санько. У альбоме сабраны беларускія прыказкі, якія ў сціслай вытанчанай форме выражаюць і захоўваюць шматвяковы гаспадарчы і жыццёвы вопыт народа, яго назіранні і веды, яго філасофію, педагагічныя погляды і правілы. Да кожнай прыказкі  падабраныя рускія і англійскія адпаведнікі, якія дэманструюць універсальнае і спецыфічнае ў кожнай з моў.

Трэці выдадзены альбом – “Вадзіца-царыца, усяму свету памачніца: беларускія замовы з пераказам на рускую і перакладам на англійскую мову”, укладальнікам якога з’яўляецца Таццяна Валодзіна. У гэтае выданне ўключаны тэксты замоў – “адметнага і жывога да сёння жанру фальклорнай творчасці беларусаў”. Кніга суправаджаецца аўдыя- або відэазапісамі амаль усіх тэкстаў, зробленымі ўкладальніцай у розных раёнах Беларусі

Усе выданні ілюстраваныя адметным відам беларускага народнага мастацтва – выцінанкамі, зробленымі адмыслова для ілюстрацыі, над якімі працавалі Галіна Жураўлёва, Наталля Сухая, Канстанцыя Герасіменка, Наталля і Лізавета Чырвонцавы.

Завяршылася прэзентацыя канцэртам гурта “Стажары”, удзельнікі якога праспявалі песні з розных рэгіёнаў Беларусі.

Таццяна Аліферчык

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы