“Матуля і мова – з калыскі адное…”

Творчая сустрэча вучоных-мовазнаўцаў са школьнікамі і студэнтамі “Матуля і мова – з калыскі адное…” прайшла 20 лютага ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа.

З яскравымі нумарамі выступілі ўдзельнікі мерапрыемства – вучні ДУА “Сярэдняя школа № 140 г. Мінска”, ДУА “Сярэдняя школа № 8 г. Жодзіна”, сапраўдны майстар-клас акцёрскага майстэрства правялі студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Прагучалі творчыя кампазіцыі на вершы класікаў беларускай літаратуры, песні і прыпеўкі.

Загадчык аддзела сучаснай беларускай мовы, доктар філалагічных навук, прафесар В. П. Русак расказала пра напрамкі і вынікі даследчай работы аддзела, пазнаёміла прысутных з грунтоўнымі выданнямі, якія запатрабаваны ў тым ліку і ў навучальным працэсе (“Слоўнік беларускай мовы”, “Граматычны слоўнік дзеяслова”, “Граматычны слоўнік назоўніка”, “Граматычны слоўнік прыметніка, лічэбніка, займенніка, прыслоўя”, “Арфаэпічны слоўнік беларускай мовы” і інш.).

Малодшы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснай беларускай мовы С. Я. Богуш расказала гасцям аб працы аддзела над слоўнікам мовы твораў Якуба Коласа і ў кантэксце тэмы сустрэчы звярнула ўвагу на вобразы жанчыны, маці, роднай мовы ў творчасці класіка.

 

Мерапрыемства прайшло ў вельмі цёплай, творчай і добразычлівай атмасферы.

 

Фота Веранікі Косцінай

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы