
24 лютага 2026 г. у рамках сумеснай ініцыятывы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і Брацтва святога апостала Іаана Багаслова Мінскай eпapxii Беларускай праваслаўнай царквы была праведзена інтэрактыўная гульня «Логас», прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы.
З вітальным словам да ўдзельнікаў звярнуліся старшыня савета маладых вучоных Інстытута мовазнаўства Алена Путрыч і кіраўнік Брацтва Марыя Шаплыка. Алена Мікалаеўна падкрэсліла, што сустрэча аб’ядноўвае дзве важныя падзеі – Міжнародны дзень роднай мовы і зварот да Святога Пісання: «Гэта вельмі сімвалічна. Бо і мова, і Біблія пачынаюцца са Слова. А слова – гэта аснова культуры, веры і чалавечых адносін». Марыя Эдуардаўна звярнула ўвагу на тое, што ў праваслаўнай традыцыі распачаўся перыяд посту – час духоўнага засяроджання, роздуму і ўнутранай працы над сабой, што надае сустрэчы дадатковы сэнс і глыбіню.

Вядучай гульні стала Паліна Басалыга, аспірантка і малодшы навуковы супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі, якая займаецца даследаваннем семантычнай трансфармацыі біблеізмаў у мастацкіх і публіцыстычных стылях тэкстаў сучаснай беларускай мовы. Праграма мерапрыемства складалася з шасці блокаў заданняў, скіраваных на павышэнне ведаў у галіне біблійнай лексікі і фразеалогіі. Падчас гульні ўдзельнікі ўзгадвалі назвы сакральных прадметаў і істот, высвятлялі біблійнае паходжанне вядомых фразеалагізмаў (за сямю пячацямі, воўк у авечай шкуры, будаваць дом на пяску і інш.), шукалі словы-біблеізмы ў філвордзе, складалі словы з прапанаваных літар, а таксама тлумачылі значэнні рэдкаўжывальных лексем (Армагедон, скінія, ладан, кімвал і інш.).

У мерапрыемствы прынялі ўдзел 60 чалавек: вучні ДУА «Сярэдняя школа № 53» і ДУА «Гімназія № 50 г. Мінска», навучэнцы УА «Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў» і «Мінская дзяржаўная гімназія-каледж мастацтваў», а таксама студэнты УА «Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ». За працэсам гульні сачыла журы ў складзе Алены Путрыч, Марыі Шаплыкі і Ларысы Гедзімін.

Мерапрыемства прайшло на высокім прафесійным узроўні. Мовазнаўцы прадэманстравалі эфектыўнасць метадаў азнаямлення школьнікаў з біблійнымі словамі і фразеалагізмамі, арганічна ўключыўшы ў заданні сюжэты і каштоўнасці Святога Пісання.







