13 красавіка 2022 г. супрацоўнікі аддзела гісторыі беларускай мовы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (філіял “Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа”) Наталля Вікенцьеўна Паляшчук, загадчык аддзела, Ірына Уладзіміраўна Будзько, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела, Эльвіра Валер’еўна Ярмоленка, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела, прынялі ўдзел мерапрыемстве “Пісьмовая праваслаўная спадчына Беларусі: з гісторыі выдання”, якое адбылося ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы г. Мінска.
Гэта сустрэча, на якой прысутнічалі супрацоўнікі бібліятэк Мінскай вобласці, чытачы Купалаўскай бібліятэкі, было арганізавана ў рамках цыкла навукова-папулярных лекцый, уключаных у план мерапрыемстваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па патрыятычным выхаванні ў 2022 г. (ужо адбыліся: навукова-папулярная лекцыя “Праект стагоддзя беларускай гуманітарыстыкі: «Гістарычны слоўнік беларускай мовы»”, 23 лютага 2022 г., майстар-клас на тэму “Янка Купала – пра беларускую мову”, 22 сакавіка 2022 г.).
Паляшчук Н.В. расказала аб выніках працы па падрыхтоўцы да выдання помнікаў праваслаўнай пісьмовай спадчыны, якая вядзецца ў аддзеле гісторыі беларускай мовы з 2007 г. (Слуцкае Евангелле XVI ст., Полацкае Евангелле канца ХІІ – пачатку ХІІІ ст., “Житие блаженной Евфросинии, игумении Вседержителя Святого Спаса во граде Полоцке”, “Буквар” Спірыдона Собаля), падкрэсліла значнасць факсіміле даўніх помнікаў, дзякуючы выданню якіх, з аднаго боку, забяспечваецца захаванне арыгінала, з другога – з’яўляецца магчымасць працаваць з рарытэтам усім знаўцам і аматарам даўніны. Яна адзначыла, што з улікам абмежаванай колькасці ў краіне спецыялістаў, якія могуць кваліфікавана і якасна рыхтаваць да выдання старажытныя тэксты, такую дзейнасць важна каардынаваць, выконваць у межах супольных міждысцыплінарных праектаў, што дазволіць у гэтай нялёгкай, але важнай і патрэбнай справе дасягнуць плёну. Увядзенне ў шырокі зварот помнікаў даўняй пісьменнасці (іх публікацыя, алічбоўка, падрыхтоўка факсіміле) адпавядае актуальным напрамкам развіцця сучаснай гуманітарыстыкі.
Будзько І.У. распавяла аб гісторыі даследавання і выдання Полацкага Евангелля канца ХІІ – пачатку ХІІІ ст., якое захоўвалася ў Свята-Троіцкім манастыры ў Полацку і знікла падчас вайны з войскамі Івана Грознага ў XVI ст. Полацкае Евангелле ўяўляе сабой напрастольнае Евангелле фармату “ў аркуш”, напісана буйным уставам на пергаменце. Сёння знаходзіцца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы імя М. Я. Салтыкова-Шчадрына, асобны фрагмент – 3 аркушы, вядомыя як “Листки Ундольского”, – у Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы (Масква). Помнік захаваўся ў нядрэнным стане, на сённяшні дзень у ім налічваецца 170 аркушаў, парадак іх размяшчэння парушаны. Евангельскі тэкст размешчаны па днях тыдня, у адпаведнасці з чытаннямі падчас царкоўных службаў. Падчас працы над факсіміле і ўзноўленым тэкстам гэтага помніка пісьменнасці адноўлены першасны парадак размяшчэння тэксту. Кніга напісана двума почыркамі, у афармленні загалоўных літар прасочваюцца візантыйскія матывы, у мове помніка знойдзены рысы паўночна-ўсходніх беларускіх гаворак – цоканне, аканне, зацвярдзенне шыпячых, ц і р, звужэнне о да у і інш. У 2013 годзе было надрукавана факсіміле гэтага помніка, якое, дзякуючы сучасным тэхналогіям, цалкам паўтарае знешні выгляд арыгінала, структуру старажытнага матэрыялу і г.д.
Э.В. Ярмоленка выступіла з паведамленнем аб унікальным помніку кніжнай культуры Беларусі, нацыянальнай праваслаўнай святыні – Слуцкім Евангеллі XVI cт. Яна расказала аб часе стварэння рукапісу і загадках, якія з ім звязаны, лёсе і месцы захоўвання помніка, яго мастацкім афармленні, адметнасцях пісьма і зместу. Прысутныя даведаліся таксама аб верагодным перапісчыку манускрыпта слуцкім князю Юрыю Юр’евічу і старажытным родзе Алелькавічаў, да якога ён належаў, змаглі пагартаць аркушы факсімільнага выдання і на свае вочы ўбачыць непаўторную прыгажосць старажытнага Чатырохевангелля.
Чарговая сустрэча супрацоўнікаў аддзела гісторыі беларускай мовы з чытачамі і супрацоўнікамі Цэнтральнай бібліятэкі імя Янкі Купалы запланавана на наступны месяц.
Н. Паляшчук, І. Будзько, Э. Ярмоленка