Круглы стол “100 гадоў беларускай нацыянальнай лексікаграфіі: ад Інбелкульта да сучаснасці”

Адбыўся круглы стол  “100 гадоў беларускай нацыянальнай лексікаграфіі: ад Інбелкульта да сучаснасці”, прымеркаваны да 100-годдзя Інстытута беларускай культуры і беларускай акадэмічнай навукі.

20 кастрычніка 2021 года ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі адбыўся круглы стол “100 гадоў беларускай нацыянальнай лексікаграфіі: ад Інбелкульта да сучаснасці”, прымеркаваны да 100-годдзя Інстытута беларускай культуры і беларускай акадэмічнай навукі.

Арганізатарам навуковага мерапрыемства выступіў аддзел лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. У круглым стале, які прайшоў у вочна-дыстанцыйным фармаце, прынялі ўдзел вучоныя Інстытута, выкладчыкі ВНУ, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, іншыя зацікаўленыя асобы, многія з прысутных скарысталіся магчымасцю далучыцца да пасяджэння анлайн.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў круглага стала звярнуўся дырэктар Інстытута мовазнаўства І. Л. Капылоў. Ён нагадаў пра важную юбілейную дату, якую беларуская навуковая супольнасць будзе адзначаць у пачатку 2022 года. Менавіта ў студзені 1922 года на базе Навукова-тэрміналагічнай камісіі быў заснаваны Інстытут беларускай культуры – галоўная навукова-даследчая ўстанова рэспублікі. У распрацоўцы статута Інбелкульта прыняў удзел выдатны вучоны філолаг і этнограф акадэмік Я. Ф. Карскі. Імёны правадзейных членаў Інбелкульта, вядомых беларускіх навукоўцаў і грамадскіх дзеячаў – Янкі Купалы, Якуба Коласа, Вацлава Ластоўскага, Язэпа Лёсіка, Сяргея Некрашэвіча –  непарыўна звязаны з развiццём нацыянальнага мовазнаўства. За 6 – 7 год Інстытут беларускай культуры паспяхова прайшоў складаны шлях, і ў выніку была створана Беларуская акадэмія навук, сёння гэта – Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Яе першым віцэ-прэзідэнтам і першым дырэктарам Інстытута мовазнаўства БАН быў прызначаны Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч -- таленавіты вучоны і арганізатар беларускай навукі ў гуманітарнай сферы.

У сваім выступленні І. Л. Капылоў адзначыў ролю слоўнікавай камісіі, якая  функцыянавала  ў  складзе  Інбелкульта. Яе дзейнасць з’явілася важным этапам у развіцці  нацыянальнай лексікаграфіі: тут былі закладзены асновы стварэння дыялектных слоўнiкаў, падрыхтаваны “Беларуска-расiйскi слоўнiк” (1926) i “Расiйска-беларускi слоўнiк” (1928), распрацавана канцэпцыя слоўнiка жывой беларускай мовы.

У рамках круглага стала былі абмеркаваны наступныя актуальныя праблемы:

  • Сцяпан Некрашэвіч як кіраўнік Слоўнікавай камісіі Інстытута беларускай культуры і яе дзейнасць па стварэнні “Слоўніка жывой беларускай мовы”;
  • роля краязнаўчых арганізацый у лексікаграфічнай рабоце на пачатку 20 стагоддзя;
  • пераемнасць паміж слоўнікавымі выданнямі Інбелкульта і сучаснымі працамі ў галіне беларускай лексікаграфіі.

В. М. Курцова, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства, у сваім выстуленні “Сцяпан Міхайлавіч  Некрашэвіч і яго дзейнасць як старшыні слоўнікавай камісіі і камісіі для складання  слоўніка жывой беларускай  мовы”  адзначыла ролю акадэміка С. М. Некрашэвіча ў гісторыі беларускага мовазнаўства і пазнаёміла аўдыторыю з некаторымі фактамі з яго біяграфіі. Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч – беларускі навуковец і грамадскі дзеяч, ініцыятар стварэння і першы старшыня Інстытута беларускай культуры (1923 – 1925 гг.), першы дырэктар акадэмічнага Інстытута мовазнаўства.  У 1926 – 1928 гг. – старшыня Аддзела гуманітарных навук і старшыня слоўнікавай камісіі Інбелкульта. Лексікаграфія, праблемы правапісу,  дыялекталогія,  пытанні  гісторыі  беларускай  мовы,  стварэнне  школьных падручнікаў і дапаможнікаў – асноўныя напрамкі дзейнасці таленавітага вучонага, лёс якога склаўся трагічна. 

Вераніка Мікалаеўна падрыхтавала змястоўную прэзентацыю, якая адлюстравала вынікі працы вучонага ў галіне лексікаграфіі: С. Некрашэвіч займаўся апрацоўкай беларускай навуковай тэрміналогіі па розных галінах ведаў (за перыяд з  1922 па 1930  гг.  апублікаваны  24  выпускі  “Беларускай  навуковай  тэрміналогіі”),  распрацаваў  канцэпцыю  ўкладання  слоўніка  жывой  беларускай  мовы,  прымаў удзел у распрацоўцы канцэпцыi гiстарычнага слоўнiка, з’яўляўся аўтарам-укладальнікам (сумесна з М. Байковым) вядомых перакладных слоўнікаў. Вераніка Мікалаеўна падкрэсліла, што час, на працягу якога С. М. Некрашэвіч займаўся навуковай дзейнасцю, –  усяго толькі 10 гадоў.

Выступоўца засяродзіла ўвагу прысутных на гісторыі публікацый матэрыялаў пра акадэміка С. М. Некрашэвіча і ацэнку яго арганізацыйна-навуковай дзейнасці ў беларускім мовазнаўстве.

Таксама яна паведаміла пра дзейнасць С. М Некрашэвіча як старшыні  камісіі па ўкладанні слоўніка жывой беларускай мовы, падрабязна спынілася на тэарэтычных падставах яго ўкладання, сфармуляваных менавіта С. М. Некрашэвічам. Былі вызначаны тры асноўныя крыніцы лексічнага матэрыялу (народная мова, літаратурная мова, тэхнічная мова (“тэрміналогія ў шырокім сэнсе гэтага слова”), метады збірання і апрацоўкі дыялектных слоў. На падрыхтоўчым этапе стварэння слоўніка жывой беларускай мовы найбольш прадуктыўным стала ўкладанне рэгіянальных, ці краёвых, як тады іх называлі, слоўнікаў.

Цытуючы І. К. Германовіча, аўтара публікацый пра навуковую і арганізацыйную дзейнасць акадэміка С. Некрашэвіча, В. М Курцова падкрэсліла: “Ролю С. М. Некрашэвіча ў гісторыі  беларускага мовазнаўства цяжка  перацаніць. Яго ўласныя даследаванні і калектываў, якімі ён кіраваў, у многім  абумовілі сённяшнія дасягненні гэтай  галіны навукі і пры вырашэнні яе праблем  часта выкарыстоўваюцца і цяпер”. Вераніка Мікалаеўна выказала прапанову выдаць поўны збор навуковых прац С. М. Некрашэвіча.

Цікавымі развагамі на тэму пераемнасці лексікаграфічных традыцый падзяліўся С. М. Запрудскі, дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ён адзначыў важнасць і неабходнасць мерапрыемства, прымеркаванага да 100-годдзя Інстытута беларускай культуры, а таксама высока ацаніў лексікаграфічную дзейнасць С. Некрашэвіча. Выступоўца заўважыў, што перакладныя слоўнікі С. Некрашэвіча і М. Байкова з’явіліся важным этапам у гісторыі  нацыянальнай лексікаграфіі і да выхаду “Русско-белорусского словаря” (1953) пад рэдакцыяй Я. Коласа, К.  Крапівы і П. Глебкі і “Беларуска-рускага слоўніка” (1962) пад рэдакцыяй К. Крапівы заставаліся найбольш грунтоўнымі працамі гэтага тыпу. На жаль, укладальнікі гэтых слоўнікаў не мелі магчымасці карыстацца навуковымі напрацоўкамі сваіх папярэднікаў. У выніку палітычных рэпрэсій 30-х гадоў амаль уся папярэдняя даследчая работа ў галіне мовазнаўства была спынена, а навуковыя публікацыі і нават падручнікі канфіскаваны з бібліятэк і знішчаны, у полымі Вялікай Айчыннай вайны згарэла створаная для слоўніка жывой беларускай мовы картатэка, якая складала каля 400000 тысяч картак-слоў.

Нягледзячы на тое, што ўсе лексікаграфічныя выданні маюць выразныя прыкметы часу, у якім былі створаны, і нясуць на сабе адбітак асобаў, якія займаліся лексікаграфічнай практыкай, прынцып пераемнасці і ўлік вопыту і напрацовак папярэдняга пакалення лексікографаў з’яўляюцца вельмі значнымі. Таму тэарэтычныя асновы, распрацаваныя С. Некрашэвічам у галіне лексікаграфіі, застаюцца актуальнымі і сёння для ўкладальнікаў перакладных і дыялектных слоўнікаў.

Да абмеркавання праблемнага поля круглага стала далучылася А. М. Лапцёнак, загадчык аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства. Тэма яе выступлення – “Лексікаграфічная канцэпцыя “Слоўніка жывой беларускай мовы” і сучасныя слоўнікавыя выданні”.  Выступоўца зрабіла акцэнт на адказнай і надзвычай складанай задачы, якая стаяла перад мовазнаўцамі Слоўнікавай камісіі Інбелкульта, – стварэнне першага нацыянальнага лексікаграфічнага выдання, якое б максімальна шырока ахапіла лексіку беларускай мовы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Менавіта такім фундаментальным выданнем павінен быў стаць “Слоўнік жывой беларускай мовы”. Алена Мікалаеўна падрабязна спынілася на канцэптуальных лексікаграфічных пытаннях, звязаных з укладаннем гэтага слоўніка. Яна адзначыла, што дзякуючы апублікаванаму ў 1925 годзе ў часопісе “Полымя” дакладу, прачытанаму на сходзе мовазнаўчай секцыі, мы можам сёння меркаваць пра навуковую канцэпцыю слоўніка і яго лексікаграфічную спецыфіку, даведацца пра макра- і мікраструктуру (храналагічныя межы слоўніка, адбор крыніц для будучага слоўніка, лексічны склад; вакабулу, зоны граматычнй і этымалагічнй інфармацыі, зоны тлумачэння і ілюстрацый і г.д.), пра што і было падрабязна расказана ў асноўнай частцы выступлення.

Таксама Алена Мікалаеўна паведаміла пра некаторыя арганізацыйныя аспекты працы над слоўнікам жывой беларускай мовы, якія вельмі ўражваюць і сведчаць пра вялікую зацікаўленасць у гэтай працы, усведамленне яе важнасці і неабходнасці і небывалы энтузіязм выканаўцаў.  Так, у чэрвені 1928 г., калі быў сабраны дастатковы матэрыял, было пастаноўлена прыступіць да работы над лексікаграфічным выданнем. Пачаўся адбор лексічных адзінак на літару А і падрыхтоўка праекта слоўніка. У часопісе “Наш край” адзначалася, што ўжо 15 красавіка 1929 г., гэта значыць праз 10 месяцаў, быў разгледжаны праект слоўніка, папраўлены, надрукаваны і адпраўлены спецыялістам.  А першы аркуш “Слоўніка жывой беларускай мовы” на літару А для абмеркавання і разгляду членам рэдакцыйнай камісіі быў падрыхтаваны да сакавіка 1930 г.

Як вядома, у сувязі з драматычнымі падзеямі тых часоў “Слоўнік жывой беларускай мовы” не быў падрыхтаваны і застаўся грандыёзным праектам беларускай нацыянальнай лексікаграфіі. Аднак яго падрыхтоўка засведчыла важны этап у развіцці беларускага мовазнаўства і лексікаграфіі ў прыватнасці. 

У выступленні таксама закраналася тэма пераемнасці лексікаграфічных традыцый, універсальнасці і ўсеагульнасці некаторых лексікаграфічных прынцыпаў. Асабліва гэта актуальна для ўкладальнікаў новага тлумачальнага слоўніка беларускай мовы, якія з удзячнасцю звяртаюцца да выданняў, на якія планавала абапірацца і Слоўнікавая камісія Інбелкульта.

Пра ролю краязнаўчых арганізацый у лексікаграфічнай рабоце на пачатку ХХ стагоддзя паведаміла навуковы супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі А. М. Анісім. У сваім выступленні “Краязнаўчы рух і лексікаграфічная дзейнасць у час Інбелкульта і ў сучаснасці” яна падкрэсліла выключную ролю краязнаўцаў у стварэнні картатэкі для слоўніка жывой беларускай мовы, адзначыла дзейнасць штомесячнага часопіса “Наш край”, у якім сярод іншага друкаваліся метадычныя рэкамендацыі  і інструкцыі, а таксама прамежкавыя вынікі сумеснай дзейнасці краязнаўцаў і навукоўцаў. У сваім выступленні А. Анісім закранула і сучасны стан краязнаўчай дзейнасці, назваўшы слоўнікавыя выданні, прысвечаныя лексіцы раёнаў Беларусі.

Навуковы супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі А. А. Марозава ў сваім выступленні “Моўныя набыткі 1920-х і іх месца ў сучаснай лексікаграфічнай практыцы” закранула практычны аспект работы над слоўнікам. Яна прасачыла дынаміку семантычных змен на прыкладзе  канкрэтных лексічных адзінак, зафіксаваных і ў лексікаграфічных крыніцах 1920-х гг., і  ў сучасных нарматыўных слоўніках. Аналіз лексікаграфічнага вопыту папярэднікаў з’яўляецца неабходным, каб дакладна вызначыць статус слова ў сучаснай лексічнай сістэме і распрацаваць прынцыпы яго адлюстравання ў слоўніках новага пакалення.

 Абмеркаванне ў рамках круглага стала мела канструктыўны характар: навукоўцы абмяняліся думкамі, а таксама падчас плённай і змястоўнай дыскусіі паспрабавалі супольна знайсці адказы на агучаныя пытанні.

 

Т. Маракуліна

Фота С. Дубовіка (газета «Навука»)

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы