
У межах Дагавора аб супрацоўніцтве паміж Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і гімназіяй з беларускай мовай навучання № 23 г. Мінска 17 снежня 2025 г. галоўны навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы доктар філалагічных навук Мароз Валянціна Канстанцінаўна для навучэнцаў 8-х класаў прачытала лекцыю на тэму: «Мілагучнасць беларускай мовы».
Увага прысутных была засяроджана на пытаннях, чаму ў сучасным свеце вялікую актуальнасць набывае праблема захавання моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі. Адказам з’явілася выснова, што ва ўмовах глабалізацыі паскорыліся працэсы знікнення як народных гаворак, дыялектаў, так і асобных моў. Адносна ўстойлівы запас імунітэту застаецца пераважна ў тых моў, якія ў сваім развіцці дасягнулі ўзроўню нацыянальных. Да такіх моў належыць і беларуская мова як форма нацыянальнай культуры, вартая захаплення і замілавання.
На пытанне, чаму менавіта паняцце мілагучнасць пераважае як у навуковым плане, так і сярод вобразных азначэнняў беларускай мовы, шукаўся сумесны адказ. У цытаваных вершаваных радках беларускіх пісьменнікаў адзначалася, што л а д беларускай мовы праяўляецца ў плаўнасці інтанацыі: «Ці плачу я, ці пяю, // Ці размаўляю з матуляю – // Песню сваю, мову сваю // Я да грудзей прытульваю» (Пімен Панчанка); рытміцы адкрытых складоў («вялікага» акання і якання) «З легендаў i казак былых пакаленняў, // З калосся цяжкога жытоў i пшанiц, // З сузор’яў i сонечных цёплых праменняў, // З грымучага ззяння бурлiвых крынiц // Ты выткана, дзіўная родная мова» (Максім Танк); прыпадабненні зычных розных разрадаў у вымаўленні «Родная мова, цудоўная мова! // Ты нашых думак уток і аснова! // Матчын дарунак ад самай калыскі, // Ты самацветаў яскравая нізка. // Кожнай драбнічкай ты варта пашаны, // Кожнае слова вякамі стварана. // І на вякі яно жыць застанецца, // Вечнае так, як народнае сэрца» (Уладзімір Дубоўка).
Вынікам праведзеных назіранняў сталі высновы, што мілагучнасць мовы – гэта с у л а д н а с ц ь у вымаўленні гукаў, спалучэнняў гукаў, фанетычных слоў; гэта з л а д ж а н а я п а с л я д о ў н а с ц ь патоку маўлення (свабодных і ўстойлівых словазлучэнняў у сінтаксічнай структуры сказа); гэта і н т а н а ц ы й н а я з а в е р ш а н а с ц ь выказвання.

Нацыянальная адметнасць па ўсіх узроўнях сістэмы беларускай і рускай моў была паказана праз параўнальны аналіз арыгінальнага тэксту папулярнай дзіцячай песенькі «В лесу родилась ёлочка» рускай пісьменніцы Р. А. Кудашовай з перакладам на беларускую мову Янкі Купалы. Вучні самі знаходзілі ў абодвух тэкстах прыклады адрознага значэння беларускіх слоў ёлачка / елачка і адпаведнікаў рускамоўнага ёлочка; асаблівасці словаўтварэння прыслоўяў узімку, улетку – зимой, летом; адметнага вымаўлення гука [с’] у слове свята і спалучэння гукаў [здн] у слове праздник і інш.
Вялікую зацікаўленасць выклікала пытанне адпаведнасці напісання і вымаўлення Ў (ў нескладовага) у паэтычным перакладзе верша (надрукаваны ў часопісе «Зоркі» за 1922 г.): Ўзышла у лесе ёлачка, // У лесе і расла. // Узімку, ўлетку стройная // Зялёная была. На пытанне, ці адпавядае ў гэтым фрагменце нормам сучаснай арфаграфіі напісанніе у / ў, былі наступныя адказы: у прыназоўнікава-склонавай форме // У лесе прыназоўнік у стаіць пасля знаку прыпынку, як і прыслоўе // Узімку, што адпавядае сучасным правілам напісання. Не разглядаецца як памылковае ў вершаваных творах для захавання рытму напісанне у складовага пасля папярэдняга слова, якое заканчваецца на галосны (Ўзышла у лесе), ці напісанне ў нескладовага пасля знака прыпынку (Узімку, ўлетку). Таксама для захавання рытму дапускаецца напісанне вялікай літары Ў нескладовае на пачатку сказа ў слове Ўзышла (Ўзышла у лесе ёлачка).
Адносна апошняга палажэння дапытлівыя гімназісты паставілі пытанне: паколькі ў вершы п а ч а т к о в а е Ў можа вымаўляцца як [у / ў], то чаму гэта не паказваецца ў рэестравай частцы арфаэпічных слоўнікаў. Напрыклад, У[ ў]зысці, У [ў]зімку, У [ў]летку, У [ў]скоч і інш. Чаму адметнасць вымаўленння гука ў і правапісу 22-й літары беларускага алфавіта ў нескладовае не прапісана дэталёва ў падручніку? На гэта ў завяршальнай частцы лекцыі было абяцана: пры наступнай сустрэчы падчас святкавання ДНЯ РОДНАЙ МОВЫ да такога важнага пытання абавязкова трэба будзе вярнуцца.
Дыялог завяршыўся шчырымі радкамі Пімена Панчаткі: Усё мілагучна для слыху майго, // І звонкае «дзе», і густое «чаго».
В.К. Мароз







