“Слова як памяць”

20 лютага 2019 года адбылася імпрэза “Слова як памяць”, прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы і прысвечаная прэзентацыі “Расейска-беларускага слоўніка” (архіўная спадчына 1907―1918) Апанаса Ярушэвіча.

2019 год багаты на важныя для беларускай мовы даты. Сёлета спаўняецца 20 гадоў, як Генеральнай канферэнцыяй ЮНЭСКА быў абвешчаны Міжнародны дзень роднай мовы Для беларусаў гэта свята актуальнае і патрэбнае, бо яно дазваляе захаваць сваю нацыянальную і гістарычную памяць, абараніць нашу моўную адметнасць у глабалізаваным свеце.

Сёлета ж мы святкуем 90 год з моманту заснавання Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. Аднак беларуская мовазнаўчая навука старэйшая за гэтую лічбу, яе падмуркам сталі працы вучоных, зацікаўленых у фіксацыі і вывучэнні стану развіцця нашай з вамі роднай мовы. Таму на плечы Інстытута мовазнаўства кладзецца вялікая адказнасць у выяўленні, захаванні і папулярызацыі прац даследчыкаў пачатку мінулага стагоддзя.

“Расейска-беларускі слоўнік” (архіўная спадчына 1907―1918) Апанаса Ярушэвіча – яскравы таму прыклад. Гэта ўнікальны помнік нацыянальнай лексікаграфіі, першы грунтоўны перакладны руска-беларускі слоўнік, створаны ў нацыянальнай мовазнаўчай навуцы на пачатку яе станаўлення.

Прэзентацыя выдання прайшла ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея “Дом-музей I з’езда РСДРП” падчас імпрэзы “Слова як памяць”.

У прэзентацыі ўзялі ўдзел прадстаўнікі навуковай грамадскасці краіны: дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў, супрацоўнікі аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі, сіламі якіх і была ажыццёўлена апрацоўка рукапісу і падрыхтоўка яго да друку (укладальнік выдання – малодшы навуковы супрацоўнік аддзела Ірына Галуза, навуковы рэдактар – загадчык аддзела Вераніка Курцова), прадстаўнікі Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (у яго фондах захоўваўся рукапіс, выданне з’яўляецца вынікам сумеснай працы), рэдактары Выдавецкага дома “Беларуская навука”, выкладчыкі ВНУ, карэспандэнты друкаваных і электронных СМІ.

Такая зацікаўленасць тлумачыцца самім характарам апублікаванага рукапісу Ярушэвіча: гэта не проста традыцыйнае слоўнікавае выданне, гэта нацыянальная навуковая спадчына. А таксама крыніца пазнання побыту беларусаў на памежжы стагоддзяў, якая дае змястоўныя звесткі аб сацыяльна-эканамічным жыцці, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага грамадства ў адзначаны час.

Для свайго слоўніка А. В. Ярушэвіч цягам 11 гадоў сабраў самастойна або праз сваіх карэспандэнтаў звыш 13 000 слоў Публікацыя архіўнай крыніцы – гэта давядзенне праз 100 гадоў да лагічнай кропкі яго пачынання. Аднак гэта кропка не з’яўляецца фінальнай.

Падчас імпрэзы была выказана прапанова аб правядзенні прэзентацыі выдання таксама ў г. Маладзечна, паколькі з 1907 года Апанас Ярушэвіч быў дырэктарам Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, дзе выкладаў педагогіку, а яго слоўнік з максімальнай паўнатой адлюстроўвае лексічнае багацце сярэднебеларускіх (цэнтральных) гаворак як асновы беларускай нацыянальнай мовы.

Укладанне і падрыхтоўка да друку рукапіснай крыніцы – справа нялёгкая, якая патрабуе руплівасці, уважлівасці і шчырай любові да таго, што ты робіш. У той жа час такая работа дазваляе ў чарговы раз асэнсаваць, што наша мова мае глыбокія карані, а мы нашчадкі і носьбіты вялікага моўнага і культурнага багацця.

Самымі юнымі ўдзельнікамі імпрэзы сталі выхаванцы дзіцячай студыі Палаца дзяцей і моладзі “Арыён”, аб’яднання па інтарэсах “Студыя рэканструкцыі баляў “Carnet de bal”. Высокі ўзровень сцэнічнага майстэрства і шчырасць у выкананні мастацкіх нумароў спрыялі стварэнню святочнай атмасферы ў гасцей і ўдзельнікаў прэзентацыі.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы