СВЯТА РОДНАЙ МОВЫ Ў СЦЕНАХ АКАДЭМІІ КІРАВАННЯ ПРЫ ПРЭЗІДЭНЦЕ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

22 лютага ў сценах Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь прайшло сумеснае мерапрыемства Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і Акадэміі кіравання, прысвечанае Міжнароднаму дню роднай мовы.

Удзельнікаў і гасцей гэтай святочнай імпрэзы віталі рэктар Акадэміі кіравання Вячаслаў Даніловіч, дырэктар Інстытута мовазнаўства Ігар Капылоў і галоўны рэдактар часопіса “Маладосць” Вольга Рацэвіч.

На пачатку мерапрыемства адбылося ўзнагароджанне пераможцаў і ўдзельнікаў конкурсу чытальнікаў “Роднае слова”, што прайшоў напярэдадні з дапамогай супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства. 15 студэнтаў-канкурсантаў чыталі па-мастацку не толькі творы класікаў беларускай літаратуры, але і ўласныя беларускамоўныя вершы.

Затым, для таго, каб заахвоціць моладзь больш чытаць і пісаць па-беларуску, праводзілася гульня “Латарэя часопіса “Маладосць”, удзел у якой прынялі 64 навучэнцы Акадэміі кіравання. Тыя некалькі дзясяткаў чалавек, што выцягнулі шчаслівыя латарэйныя білеты, атрымалі ў падарунак розныя нумары “Маладосці” за 2022–2023 гг., кнігі сучасных беларускіх аўтараў і беларускамоўныя паштоўкі.

Мастацкая частка свята роднай мовы выклікала вялікую цікавасць з боку студэнтаў і выкладчыкаў, таму што адбывалася з удзелам спецыяльна запрошаных гасцей – папулярнага беларускага паэта-песенніка Кастуся Цыбульскага, паэтэсы, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Веры Буланда, а таксама ансамбля народнай музыкі і песні імя Івана Раманчука “Менскі гармонік” пад кіраўніцтвам Івана Катовіча.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы