Дыялогавая пляцоўка пад такой назвай адбылася 25 лютага 2025 года на базе ДНУ “Гімназія № 25 імя Рымы Шаршнёвай г. Мінска” і была прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы. У ёй прынялі ўдзел супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Паляшчук Наталля Вікенцьеўна, загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы, Ялынцава Ірына Уладзіміраўна, загадчык аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей, вучні 10-х класаў названай гімназіі, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Пахвалённая Аліна Казіміраўна, Сарока Таццяна Уладзіміраўна, Сенакосава Вераніка Леанідаўна, Аўсянская Святлана Яўгенаўна.
І.У. Ялынцава пазнаёміла навучэнцаў як з фундаментальнымі лексікаграфічнымі выданнямі, так і з выданнямі для школы, аўтарамі і суаўтарамі якіх з’яўляюцца супрацоўнікі аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. Прадметам далейшай размовы Ірыны Уладзіміраўны з прысутнымі з’явіўся беларускі маладзёжны слэнг, які аказвае значны ўплыў на маўленчую культуру чалавека; таксама абмяркоўвалася і праблема ўжывання ненарматыўнай лексікі сярод моладзі, асабліва сярод падлеткаў.
Н.В. Паляшчук засяродзіла ўвагу на гісторыі слоўнікавай працы ў Беларусі, расказала гімназістам пра “Лексіс” (1596) Лаўрэнція Зізанія, які даў пачатак падрыхтоўцы і выданню ўсходнеславянскіх двухмоўных слоўнікаў. Наталля Вікенцьеўна прадставіла аўдыторыі “Гістарычны слоўнік беларускай мовы” і паказала адлюстраванне ў ім назваў, звязаных са школьным навучаннем. Таксама для старшакласнікаў яна правяла інтэрактыўную гульню па тэме сустрэчы.
Н.В. Паляшчук і І.У. Ялынцава наведалі краязнаўчы музей гімназіі “Невычэрпная крыніца гісторыі”, экскурсію ў якім правяла дзевяцікласніца Карасёва Крысціна.
Н.В. Паляшчук, І.У. Ялынцава
Здымкі Суднік Т.Л.