Пад такой назвай у філіяле ”Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа” Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася сустрэча вучоных са студэнтамі факультэта пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.
Будучыя настаўнікі пачатковых класаў выявілі жаданне падрабязней даведацца пра адметнасці працы па стварэнні слоўнікаў розных тыпаў пасля лекцыі на адпаведную тэму на занятках па беларускай мове. На прапанову загадчыка кафедры беларускага і рускага мовазнаўства Алены Станіславаўны Васілеўскай аб правядзенні сустрэчы супрацоўнікі інстытута адгукнуліся: яны падрыхтавалі для студэнтаў змястоўныя і пазнавальныя паведамленні, прэзентацыі, разам з бібліятэкарам Ірынай Уладзіславаўнай Смірновай арганізавалі выставу слоўнікаў.
Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Лявонавіч Капылоў пасля прывітальнага слова расказаў пра станаўленне, сучасны стан і напрамкі развіцця лексікаграфічнай дзейнасці ў акадэмічнай установе, пазнаёміў з такімі выданнямі, як “Граматычны слоўнік назоўніка”, “Арфаэпічны слоўнік беларускай мовы”, “Слоўнік мовы Сенненшчыны”, “Полацкія дыяменты”, “Беларуска-рускі слоўнік”, “Этымалагічны слоўнік беларускай мовы”, “Слоўнік мовы «Нашай нівы»”, “Кітайска-беларускі слоўнік. Беларуска-кітайскі слоўнік” і інш. Таксама Ігар Лявонавіч засяродзіў увагу прысутных на значэнні Інстытута беларускай культуры і дзейнасці яго заснавальнікаў для айчыннай гуманітарыстыкі, анансаваў мерапрыемствы, прымеркаваныя да 100-годдзя Інбелкульта, якія будуць сёлета праводзіцца ў Інстытуце мовазнаўства.
Загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы Наталля Вікенцьеўна Паляшчук прадставіла ўдзельнікам сустрэчы фундаментальны “Гістарычны слоўнік беларускай мовы”, на прыкладах паказала яго навуковую, сацыяльную і практычную вартасць, назвала этапы яго стварэння: фарміраванне крыніц слоўніка – тэкстаў, напісаных на старабеларускай мове, іх выяўленне і пошук у айчынных і замежных бібліятэках і архівах, галоўным чынам Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, падрыхтоўка іх фотакопій і мікрафільмаў, іх расчытванне, выпісванне слоў і сказаў, у якіх яны ўжываліся, на асобныя карткі, упарадкаванне картак (іх колькасць 1 мільён 60 тысяч), абгрунтаванне прынцыпаў напісання слоўніка (1960–1972 гг.); распрацоўка слоўнікавых артыкулаў (у слоўніку прадстаўлена каля 75 тысяч слоў), іх рэдагаванне, набор да здачы ў выдавецтва (да з’яўлення камп’ютараў – на друкарскай машынцы), праца над матэрыяламі ў выдавецтве “Беларуская навука” (раней – “Навука і тэхніка”), выданне 37-мі выпускаў слоўніка (1972–2017 гг.).
Загадчык сектара корпуснай лінгвістыкі Уладзімір Аляксандравіч Кошчанка расказаў пра структуру Нацыянальнага корпуса беларускай мовы (Беларускі N-корпус), яго ролю ў аптымізацыі навуковых даследаванняў, прафесійнай дзейнасці рэдактараў, настаўнікаў, у вывучэнні беларускай мовы; прэзентаваў праграму “SloŭnikPlus”, пры дапамозе якой укладаецца новы “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы”; а таксама падкрэсліў значнасць “Граматычнай базы”, якая ўяўляе сабой збор слоў, у тым ліку і тых, што з’явіліся ў беларускай мове ў апошнія дзесяцігоддзі, з марфалагічнымі і іншымі паметамі (прадстаўлена пачатковая форма слова, яго граматычная прыкмета; пры неабходнасці ўказана значэнне лексічнай адзінкі, для дзеясловаў – асаблівасці кіравання; пазначана крыніца або формы слова, націск, правапіс і інш.).
Загадчык аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Алена Мікалаеўна Лапцёнак сваё выступленне прысвяціла новаму “Тлумачальнаму слоўніку беларускай мовы”. Пры распрацоўцы падыходаў да лексікаграфавання слоўнага матэрыялу, як адзначыла Алена Мікалаеўна, былі ўлічаны вопыт папярэднікаў і найноўшыя патрабаванні лексікаграфічнай тэорыі і практыкі, што дазволіць максімальна поўна адлюстраваць сістэму значэнняў беларускага слова, асаблівасці яго ўжывання ў розных стылях і жанрах. Мяркуецца, што ў тамах тлумачальнага слоўніка будзе прадстаўлена лексікаграфічнае апісанне звыш 250 тысяч слоў беларускай мовы ад пачатку ХХ ст. да нашых дзён (у тым ліку лексічных інавацый (аграгарадок), слоў, якія раней пазначаліся як экзатызмы (спікер), семантычных неалагізмаў (слімак) і інш.). Паскарэнню і эфектыўнасці працы над слоўнікам садзейнічае актыўнае выкарыстанне навукоўцамі Нацыянальнага корпуса беларускай мовы і праграмы “SloŭnikPlus”.
Напрыканцы сустрэчы студэнты задалі вучоным пытанні і з цікавасцю пагарталі старонкі лексікаграфічных даведнікаў.
Падобныя сустрэчы мяркуецца ў перспектыве працягваць, паколькі яны, з аднаго боку, садзейнічаюць фарміраванню і ўдасканаленню прафесійнай кампетэнцыі будучых педагогаў, а з другога – дазваляюць папулярызаваць дасягненні і напрацоўкі акадэмічных вучоных-мовазнаўцаў.
Наталля Паляшчук
Фота Максіма Гулякевіча (газета «Навука»)