Прэзентацыі дакументальнага фільма «Гаворкі Беларусі», створанага па сцэнарыі В. А. Шклярыка, старшага навуковага супрацоўніка аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, прайшлі з 9 па 26 лютага ва ўніверсітэтах Мазыра, Гомеля, Магілёва, Віцебска, Гродна і Брэста, у сталічных БДПУ і БДУ, а таксама ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа. Пазапланава стужка была паказана ў Міністэрстве эканомікі і ліцэі БДУ. Партнёрамі ў справе рэалізацыі гэтага маштабнага праекта па стварэнні, прэзентацыях фільма і яго прэм’ерах у інтэрнэце выступілі кампаніі Onliner і А1.
Усе 12 прэзентацый былі праведзены В. А. Шклярыкам. З уступнага слова прысутныя на сустрэчах маглі не толькі даведацца пра сумесны праект «Мова: як гаворыць краіна» (https://sp.onliner.by/exponliner/), які быў рэалізаваны ў 2019 годзе, але і пазнаёміцца з дзейнасцю аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа: расказ пра экспедыцыі і апошнія выданні акадэмічных дыялектолагаў суправаджаўся дэманстрацыяй адпаведных слайдаў з фотаздымкамі. Асаблівая ўвага была звернута на наяўнасць у вольным доступе ў інтэрнэце (https://philology.by/fund) вялікай колькасці адсканаваных выданняў па беларускай дыялекталогіі, што стала адным з вынікаў працы аддзела над стварэннем зводнага слоўніка беларускіх народных гаворак.
Правядзенне такой колькасці прэзентацый у розных установах і гарадах было б немагчыма без спрыяння і падтрымкі на месцах. Шчырыя словы падзякі за дапамогу ў арганізацыі гэтых мерапрыемстваў стваральнікі фільма «Гаворкі Беларусі» і партнёры выказваюць А. В. Кавалёвай (МДПУ), А. М. Воінавай (ГДУ), К. М. Васіленка (МДУ), Г. А. Арцямёнку (ВДУ), А. С. Садоўскай (ГрДУ), Л. В. Леванцэвіч (БрДУ), Д. В. Дзятко (БДПУ), І. А. Гапоненка (БДУ), В. Э. Матвяенка (Міністэрства эканомікі), У. Лагуну (ліцэй БДУ).
Фота: БрДУ, ВДУ, ліцэй БДУ, МДУ, МДПУ.